Мястэчка G… …і ваколіцы… (зборнік). Віктар ШалкевічЧитать онлайн книгу.
сапернічалі, інтрыгавалі, даносы пісалі ў гродскія суды, прапісвалі каралю дыяметральна супрацьлеглыя лекі і давялі гэтым беднага Баторыя да магілы. У тыя часы дастаткова было паслядоўна слухацца аднаго доктара, каб панурыцца ў дошкі, а тут жа ажно два былі, ды такія ганарлівыя і ўпартыя.
Паміраў кароль Сцяпан доўга і цяжка – яму то рабілася горш, то рабілася лепш, а калі лепш, то ён кідаў усё і ўцякаў у Гарадзенскую пушчу на паляванне, нібы прадчуваючы, што хутка ўжо будзе па ім, пэйгер яму будзе!!!
Так і сталася – дванаццатага снежня 1586 года каля сямнаццатай гадзіны ўвечары ў адным з пакояў Старога Замка з’явілася сумнавядомая цётка з касою і запрасіла слаўнага ваяра ў супольнае вечнае падарожжа, і ён ад нас пайшоў… назаўсёды.
Што пачалося пасля ягонае смерці!!! Не паверыш, дарагі Валерык!
Ён памёр вельмі нечакана для ўсёй Еўропы, у момант пачатку склёпвання вялікае антытурэцкае кааліцыі, таму што тыя туркі, у адрозненне ад цяперашніх, не гандлявалі кебабамі і таннымі скуранымі вырабамі на кожным кроку, тыя туркі вось-вось былі гатовыя без візаў і пашпартоў непрыемна здзівіць Еўропу сваёй колькаснаю прысутнасцю і прымусіць мірных бюргераў падзяліцца часткай свайго набытку – каму б гэта спадабалася? Таму ўсе больш-менш цвяроза рахуючыя еўраманархі на чале са Святым Айцом проста на каленях прасілі Баторыя: «Сцяпан Сцяпанавіч, мы табе і грошы дамо, і навабранцамі паможамо, і тэхнікай, ты толькі з гэтымі ерэтыкамі разбярыся, нешта пачні рабіць!», і бедны кароль Сцяпан пачаў, толькі запозна…
Ды яшчэ да таго старая Еўропа мела сваіх унутраных ворагаў хатняга гатунку – пратэстантаў, каторыя вельмі не любілі нашую святую маці – рыма-каталіцкую царкву – і яе вернікаў і шкодзілі каталікам па-чорнаму, калі ў тых нешта путнае атрымоўвалася, накшталт антытурэцкай кааліцыі. Пачалося гаварыцца ў голас, што ваяўнічага трансільванца атруцілі менавіта яны, лютара-кальвіны, таму што веліч аўтарытэту рыма-каталікоў ім заснуць не давала, і гэта сур’ёзныя людзі сцвярджалі, адукаваныя, не абы-што вам, прытым на еўрапейскіх дварах у кулуарах…
А што рабілася ў нашым мястэчку G. у пакоі замка, дзе перабывалі каралеўскія парэшткі? Тут пачаліся разборкі на мясцовым узроўні – Бучэла абвінавачваў Сімоніюша, а Сімоніюш Бучэлу ў некампетэнтнасці і зламысных дзеяннях у дачыненні да першай асобы ў дзяржаве. Яны лаяліся, аббрэхвалі адзін аднаго і ўжо гатовыя былі хапацца за калы ці рваць штыкеткі з плоту, каб учыніць хамскую бойку, калі раптам хлопчык гадоў трынаццаці па прозвішчы Сняжыцкі, сын селяніна з маёнтка Гарнастаевічы, вучань-выдатнік мясцовай лекарскай школы, мудра ўратаваў сітуацыю. Ён ім так сказаў: «Дзядзечкі, як не брыдка, тут яшчэ чалавек не астыў, ксяндзы з бацюшкамі модляцца, свечкі паляцца, а вы гаўкаецеся… нічога святога!!! Вазьміце лепш свае прымітыўныя хірургічныя інструменты і, пакуль нікога няма, парэжце Сцяпана Сцяпанавіча – там усё ў працэсе і высветліце!»
І што ты думаеш, дарагі Валерык,