Эдэм (зборнік). Франц СіўкоЧитать онлайн книгу.
аповедаў вядомым ёй месцы?
Заспакойвала тое, што граф меў намер узяць з сабою Дыбу. Значыць, Бронак таксама паедзе. А можа, і не – хто ведае, як далей усё складзецца? Пітво так слаба дзейнічае, і раптам Марыя Іпатаўна ачуняе і выканае пагрозу іх разлучыць?
Зрэшты, можа, і не ачуняе. Толькі б Фокс што не западозрыў. Ад гэтага ўніклівага немца ўсяго можна чакаць.
Напрыканцы трэцяга тыдня Марыі Іпатаўне палепшала. Але не цалкам: даймалі прыступы млоснасці, балела галава, звінела ўвушшу. І яна аб’явіла мужу, што ў Дубраўку паехаць не зможа, а застанецца ў Крайне да наступнага лета.
Андрэй Мікалаевіч павохкаў, паўздыхаў, ды іншага выйсця, як выпраўляцца аднаму, не было. Вядома, ён паедзе – у суправаджэнні Пелагеі і маладога Дыбы. Старэйшы, каб не агаляць крайнаўскае гаспадаркі, застанецца тут з сястрою графа Тацянай і яе сынам Валодзем.
Васямнаццатага траўня караван з дзесяці падвод і экіпажа выехаў з маёнтка.
Пелагеін скарб месца заняў няшмат. У самым надзейным ляжала мапа. Спачатку яна хацела ўзяць усе, але ў апошні момант перадумала і задаволілася адной – той, на якой ужо колькі месяцаў чырванела абведзеная алоўкам лінія паміж сядзібай і далёкай Дубраўкай.
7
1822
Дубраўка
Пелагея запаволіла хаду, сочачы з-пад рукі за вокнамі графіні, павольна спусцілася да ракі.
Бронак сядзеў на ляшчыніне збоч купальні і гайдаў нагою вызваленую напалову з вады лодку. Побач паблісквалі халявамі новенькія боты, шавец Ёсель надоечы перадаў іх хлопцу з мястэчка праз знаёмых.
Яна сышла са сцежкі, асцярожна ступіла босымі нагамі па пяску, наблізілася да лодкі. Бронак падхапіўся з месца, памкнуўся да яе. Але блізка падысці не асмеліўся – не пускала крыўда.
Вось ужо колькі тыдняў, як адносіны між імі прыкметна падпсаваліся. Яны і даўно ўжо былі не такія бясхмарныя, як раней, а тут яшчэ гэты Людвік Лазоўскі… Сядзеў бы ў Вільні, у сваім універсітэце, дык не, закарцела па суседстве з Дубраўкай, у бацькоўскай сядзібе, асесці. Як на злосць, там якраз школка, у якой Пелагея за настаўніцу і ў якую тры разы на тыдзень ездзіць праводзіць урокі.
– Андрэй Мікалаевіч цябе кліча. – Пелагея порстка ўбрыла ў ваду. – З лямусам нешта.
Бронак злосна пхнуў лодку нагою.
– З лямусам! Я не цесля, здаецца.
– Пан Дыба такіх слоў не ўхваліў бы. – Пелагеін голас гучаў як ніколі спакойна.
Гэта канчаткова раззлавала Бронака. Але напамін пра нябожчыка бацьку, які памёр падчас эпідэміі тыфусу неўзабаве па прыездзе з графіняю ў Дубраўку, трохі астудзіў раздражненне. Ён саскочыў з ляшчыніны, з сашчэпленымі шнурам ботамі ў руцэ паплёўся да пакояў. Ужо дапаў да пагурка, як пачуў: ззаду плёснула вада. Азірнуўся: Пелагея, шырока раскідваючы рукі ўбакі, плыла праз заточку да другога берага.
Андрэй Мікалаевіч сядзеў на ганку, моршчыў лоб ды моўчкі назіраў, як цеслі завіхаюцца ля будоўлі. Нерваваўся: ці ж так марудна ішла б справа пры Феліксе? Трэці год, як мужыкі, рабуючы нічыйную яшчэ тады сядзібу, спалілі