Эдэм (зборнік). Франц СіўкоЧитать онлайн книгу.
Крайне вараць, нагадвае. З чаго яно?
Туфіля паціснула плячыма.
– Не ведаю. Бытта з дзерава нейкага дзеўкі назбіралі.
– З дзерава? З якога дзерава?
– Ды з таго, што ў кустах расцець…
– Я паглядзець хачу. Пакажыце мне.
– Антолька пакажаць, яна з дзеўкамі хадзіла.
– Дзе яна?
– У капцільні, Зосі каўбасы памагаець перавешваць.
– Паклічу пайду. – Пелагея торкнула лыжку ў чыгун, пайшла алейкаю да пакояў.
Бронак зноў перагарадзіў ёй дарогу, але яна адпіхнула яго.
– Адчапіся, – сказала абыякавым голасам і, звяртаючыся да Туфілі, дадала зводдалеку: – Глядзі варэнне, пераверне хто няўрокам чыгун – заробіце ад Марыі Іпатаўны.
Дрэўца было невысокае, але галінастае. Хоць і было ўжо шаравата, вёрткая Антолька лёгка расшукала яго сярод хмызу.
Пелагея прыклала далонь да камля – руку апякло холадам.
Якраз гэтак халадзіла, прыгадала, і крайнаўскае.
Сярод лісця на самым версе яшчэ дзе-нідзе чырванелі ягады.
Антолька порстка падскочыла ўгору, абжаргала камель лыткамі. Затым узабралася вышэй на вецце, скінула колькі ягадзін уніз. Яны былі салодкія і крыху прытарныя.
– Яно адно тут, ці яшчэ ёсць?
– Адно-адненькае. – Антолька аправіла сукенку.
– Ну, дзякуй табе, што паказала. Прыйдзі ўвечары, мапу падару.
– Тую, зялёную?
– Тую. Хочаш?
– Хачу. – Антолька хвіліну памаўчала. – І яшчэ ў школу хачу, Палагея Юр’еўна.
– Не Палагея, а Пелагея. Добра, паглядзім.
Хмыз упобачкі расхінуўся, і з яго выйшаў з крывым усмехам на вуснах Бронак.
– Хадзем. – Пелагея схапіла Антольку за руку, хутка пайшла прэч.
Млын і сядзіба ўжо засталіся далёка ззаду, а яны ўсё крочылі па алеі, не зважаючы на аблокі, што насоўваліся на сядзібу з захаду і поўдня, размаўлялі пра школьныя справы. Гаварыла больш Пелагея, Людвік жа ўважліва слухаў: мова субяседніцы не заўсёды была яму зразумелая. Лазоўскія, хоць паходзілі з дробнае шляхты, дома размаўлялі па-польску. Ды і ва ўніверсітэце, дзе пераважную большасць студэнтаў складалі шляхціцы, таксама панавала пальшчызна. І ўсё ж такі малады паніч Пелагеі падабаўся. Праставаты і занадта адкрыты – душа наросхрыст – Бронак у параўнанні з ім нагадваў ёй селяніна.
Пачало імжэць.
– Хадземце сюды. – Людвік павабіў Пелагею да сябе, разгарнуў парасон.
– Не было б грому, – прыстройваючыся побач, сказала яна.
– Вы баяцеся грому?
– Трохі.
– Тады пойдзем назад.
Яна хацела сказаць, што вяртацца да маёнтка не жадае, але пасаромелася.
Паўвярсты да пакояў праляцелі, як адна хвіліна. Дождж перастаў, абое бачылі гэта, але выходзіць з-пад парасона не спяшаліся.
– Вы, чула, у Вільню едзеце, – сказала Пелагея.
– Еду. Прывезці вам што-небудзь для школы?
– Мапа патрэбная. Мая, што з Крайны прывезла, зусім абтрапалася.
– Добра,