Знак Вялікага магістра. Вольга ІпатаваЧитать онлайн книгу.
доўга глядзела на яго хаця і забінтаваны з правага боку, але чысты і па-юначы акруглы твар, на смуглявыя рукі і плечы, што ўжо наліваліся спрытам і моцай. Прыўзняла воўчую скуру, вопытным вокам агледзела вузкія клубы, моцны торс і стройныя, у бялявых валасінах ногі. Пасля чамусьці ўздыхнула і ціха выйшла з пакою. Пакаёўка ішла за ёю і маўчала. Калі б азірнулася Офка, яна ўбачыла б на тонкіх, ярка-чырвоных вуснах прыслужніцы злую ўсмешку. Але яна не азіралася, дый усмешка хутка прапала, і пакаёўка зноў стала такой, як заўсёды, – ветлівай, гатовай услужыць сваёй пані ў любую гадзіну і ва ўсім, чаго тая ні пажадае…
Сухта ў пошуку
Галоўны дазнаўца вялікакняскага суда Сухта чацвёртую гадзіну хадзіў, поўзаў ці, сагнуўшыся крукам, зазіраў пад кожны выварацень каля паляны, на якой быў учынены напад. Хмурнела, спусціўшыся на вяршаліны магутных бярэзін і елак, шэрае вераснёўскае неба, холад тачыўся за каўняры памочнікаў, якія гэтак жа старанна, як і дазнаўца, аглядалі месца злачынства. Гэта было няпроста: апроч таго што прайшло ўжо чатыры дні, тут натапталіся людзі лідскага кашталяна, і таму, апроч іхніх слядоў, мала што можна было ўбачыць. Сухта, радуючыся таму, што за гэты час не было дажджу, вывернуў кашталяну душу, дабіваючыся, каб той дакладна паказаў, дзе і як ляжалі забітыя, якіх паспелі ўжо пахаваць. Нарбут не падзяляў гэткага шчыраваньня, для яго ўсё стала зразумелым пасля таго, як вырашальнае слова выказала княгіня Марыя: гэта ж, вядома, былі людзі Вітаўта, які хоча зрабіць прыкрасць вялікаму князю літоўскаму і польскаму каралю Ягайлу, даказваючы сваё права на Княства, а тым пачаць з ім вайну. Хто ж ня ведае, што недалёкі Ваўкавыйск, як і Гародня, зусім нядаўна яшчэ належалі Кейстуту і яго сыну – дык жа баяры і там, і там засталіся верныя сваім гаспадарам і мараць пра вяртаньне Вітаўта. Да таго ж, стрэлы, якімі забівалі, былі яўна Вітаўтавы – з белым апярэннем, з абавязковай чорнай плямкай. Аднак жа якраз гэта найбольш насцярожвала Сухту, – калі Вітаўт шукаў вайны, то ён знайшоў бы іншы спосаб. Рабаўніцтва – гэта не па ім. Да таго ж, троцкі князь далёка адсюль, ды і не такі ён, каб займацца такімі дробязямі. І нават калі гэта зрабілі верныя яму баяры, то яны ніколі б не ўзялі славутыя Вітаўтавы стрэлы! Вопыт следчага падказваў яму, што пёры гэтыя выбраныя знарок. Хто ж яшчэ можа справакаваць напад? Альбо крыжакі, альбо тыя, хто моцна ненавідзіць Вітаўта і хоча вайны.
Пытанняў было шмат: адкуль маглі дазнацца людзі Вітаўта пра дакладны час выезду з замка, ды і пра сам скарб, як даведаліся, дзе будзе прыпынак, бо кожнаму, хто хаця трохі петрыў у дазнавальных справах, было зразумела, што вояў на Альгердавай паляне чакала засада. Зрэшты, ніхто не аспрэчваў таго, што з нападнікамі загадзя дамовіліся, і хутчэй за ўсё былі гэта тыя, хто застаўся ў жывых: Гердзень і Даніла.
Дазнавальнік быў пагадзіўся спачатку з гэтаю думкай, нягледзячы нават на тое, што дворныя людзі ў адзін голас цвердзілі, што Даніла не мог пайсці на такі грэх, каб забіць роднага бацьку (ці дазволіць тое) і што з Гердзенем іх не звязвалі ніякія асабліва добрыя адносіны. Але Сухта ўволю нагледзеўся розных нечаканасцяў і брудных памкненняў