Непамяркоўныя. Леанід МаракоўЧитать онлайн книгу.
довады і аргументы, каб зламаць вучняў.
Ён ажно спацеў ад раптоўнай думкі: што будзе, калі не ўдасца пераканаць? Вынікі могуць быць жахлівыя. Можа і ён загрымець следам за дзеверам жаўтаротай настаўніцы!
Гэты жах і падганяў яго, змушаў не здавацца. Ён змагаўся ўжо не за перамогу рэвалюцыйнай справядлівасці, а за самога сябе, за сваю ўласную будучыню. Біўся аддана і заўзята. Успомніў і пра фашысцкую пагрозу, і пра імперыялістычнае акружэнне, і пра абвастрэнне класавай барацьбы, і пра тое, што кадры вызначаюць усё і, такім чынам, яны павінны быць крыштальна чыстымі.
Урэшце галодныя, стомленыя і зняможаныя напышлівымі і грознымі словамі вучні здаліся – прагаласавалі за выключэнне.
– Вось і малайцы! – з палёгкаю ўздыхнуў сакратар гаркама. – Даўно б так! Сапраўднымі камсамольцамі сябе паказалі!
«Ды ўжо ж, паказалі!» – спустошана думаў Віталік, улюбёнец Ганны Цімафееўны і першы вучань у класе, які сядзеў за другой партаю. Гэта ён задумаў і наладзіў «культпаход» на вяселле класнай. «Камсамольцамі, але – не людзьмі!»
Аня выскачыла са школы і памчалася дахаты. Зусім не як настаўніца, а як незаслужана, бязвінна пакрыўджаная школьніца: бегла не азіраючыся, нібы за ёю гналіся. Суцешыць яе ў маленькай кватэры-падменцы не было каму. Лёня паехаў у Менск – злягла маці: не прайшоў без следу арышт мужа і старэйшага сына. Зачыніўшы за сабою дзверы, Аня дала волю слязам – плакала няўцешна, нібыта і сапраўды была маленькай, усімі пакінутай школьніцай.
Пазней, бліжэй да ночы, яна ўсё ж прымусіла сябе супакоіцца і ўзялася за план заўтрашняга ўрока. «Работа – найлепшы лекар», – успомніла параду добрага і мудрага Антона Юр’евіча Лёсіка, які чытаў у тэхнікуме курс літаратуры. З удзячнасцю падумала: настаўнік назаўсёды застаецца са сваімі вучнямі. Калі ён сапраўдны настаўнік – як Антон Юр’евіч. Добра было б стаць такой настаўніцай і ёй. Значыць, трэба працаваць. Працаваць, вучыць дзяцей нягледзячы ні на што!
Новая, дадатковая, спушчаная зверху толькі на мінулым тыдні тэма была неабсяжнай, адказнай і вымагала процьмы часу: эканамічна-палітычнае становішча Злучаных Штатаў Амерыкі. «Ворагаў трэба ведаць!» – абгрунтавалі сваю нечаканую пастанову таварышы. «Ворагаў трэба ведаць! Ворагаў трэба ведаць!» – звінела ў галаве. Але паступова Аня захапілася, ачулася ад непамернага гора і роспачы, што абрынуліся на яе. Забылася, заблукала ў джэк-лонданаўскай суровай Алясцы, у фантастычных нью-ёркскіх хмарачосах, у бяскрайнім каўбойскім Тэхасе. Ужо далёка за поўнач перачытала «Дары вешчуноў» О’Генры і зусім супакоілася: «Свет не канчаецца на Жлобінскім гаркаме камсамола, – сказала ледзь не ўголас. – Дый амерыканцы ніякія не ворагі нам і ўсяму прагрэсіўнаму чалавецтву».
Але раніцай, збіраючыся ў школу і ўспомніўшы, што яна ўжо былы класны кіраўнік, былы сакратар ячэйкі, а неўзабаве стане і былой настаўніцай з воўчым білетам, Аня зноў засмуцілася. Як і ўчора ў класе, яе ахапілі роспач і страх. Няўжо яна не зможа працаваць? Няўжо ёй забароняць