Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік). Коллектив авторовЧитать онлайн книгу.
аны Спрынчан, якую мы ведаем найперш як паэтэсу. Большасьць твораў цягам апошніх гадоў друкавалася ў часопісе «Дзеяслоў», большасць аўтарак – нядаўнія студэнткі і школьніцы, якія не маюць пакуль сваёй першай кнігі…
Спадзяёмся, чытач паважна ўспрыме шчырыя аўтарскія роздумы і споведзі – ды палюбіць іх.
Наталка Бабiна
Нячэсная кава
Аповед
1. Нячэсная кава
Адна паперка ўжо адарваная. Холадна, і галіны дрэваў па-брэйгелеўску аддрукоўваюцца на дымнаблакітным небе. Сярэдзіна дня, снежань. Доўгаценевы, каштоўны кожнай хвілінай, памяранцавы ад сонца, што заўжды заходзіць, снежань.
Снежань, і цень ад касцёлу прасцёгся ўздоўж… Удавіца. Я – удавіца. Узяць – і ўдавіцца. Аднак не, не дачакаецеся.
Але што мне рабіць?
«Чарнаўчыцкаму інтэрнату для дзяцей з парушаным слыхам на сталую працу патрабуюцца:
прыбіральшчыцы, аплата 250 тысяч рублёў
электрык-манцёр, аплата 350 тысяч рублёў
выхавальнік-псіхолаг, аплата ад…»
Паперка з нумарам адарвалася так, што не бачна, колькі абяцаюць таму псіхолагу.
Як яны адно аднаго выклікаюць на спатканні? Калі маюць што адно аднаму паведаміць? Дзе-калі я сустракаюся з імі на доўгай і вузкай, яшчэ з былых стагоддзяў вуліцы: танклявыя дзяўчаты выгукваюць нешта тонка, тонка, не па-чалавечы, бы касаткі ў марской прасторы, а хлопцы, моцныя і свежыя, адказваюць ім на мове сурдаперакладу, папраўляючы ў вуху дроцікі слыхавога апарата… Хлопцы і дзяўчаты ідуць у краму, ці на прыпынак, ад якога стартуюць у Горад маршруткі, або проста шпацыруюць да касцёла, і вецер абвявае маладыя целы, пазбаўленыя слыху.
Не чуюць воклічу.
Трубнага сігналу маршруткі.
Грукату касцельнага звону.
Што мне рабіць?
А касцёл стаіць, каменны і спакойны, і цень ад снежаньскага сонца, якое заўжды заходзіць, кладзецца праз яблыні саду і таполі парку ўздоўж вуліцы, па якой імчаць у Горад маршруткі.
Мо, і сапраўды, пайсці да іх прыбіральшчыцай, і драіць іхнія ўнітазы, і калідоры, і студні, і атрымліваць 250 тысяч, і супакоіцца?
Калі ты быў жывы… Калі б ты быў жывы… Карані абарваныя па-жывому, і ветраюць, асыпаючы камячкі глебы, і з іх точыцца кроў… Гэта мая частка каранёў. А твая частка, твае карані, абмяклыя, у труне, у чорнай, беспаветранай смерці…
Анастас, разварочваючыся, махнуў мне рукой, і жоўты мікрааўтобусік, пласнуўшы снежаньскай калюжынай, паехаў прэчкі – у Горад.
Гэта з Гораду мы з’ехалі сюды: у Чарнаўчыцы. Да вуліц, што праклаліся па зямлі ў мінулых стагоддзях. Да касцёла. Да брэйгелеўскіх дрэў на тле белага вечнага неба. Да дрэў, на якіх летам свішчуць салаўі.
І ты наладзіў цэлы бізнес: маршруткі, якія курсіруюць, праз калюжыны, з Горада ў Горад.
З Горада – у Здзітаў – у Горад.
З Горада – у Чарнаўчыцы – у Горад.
З Горада – у Кобрын – у Горад.
Анастас яшчэ не ведае, што чакае яго – і мяне.
Я заходжу ў кавярню. Маленькую кавярню без шклопакетаў, з ружовашчокай Людай і кавай у пластыкавых кубачках.
Я любіла цябе. Тваё цёплае цела. І душу, якая хавалася. І ты расказваў мне пра свайго пра-пра-пра Міхала Есмана, які пісаў тастамент: «А то напервей, кгды Пан Бог з волі Своеі Насветшое мене з сего света ку хвале Своеі Светоі поволати будет рачил, душу мою в руки Его, Сотворытеля моего, поручаю. А тело мое грешное малжонка моя пані Богдана Михаловна Мелешковна мает поховаті обычаем хрестіянъскім скромне, не збіраючі велікого або многого духовенства, але давші паном а добродем моім знать, пріехаті а тело мое грешное до гробу допровадіті і положіті в церкві в Чэрнавчычах в склепе».
Пытанне: што мне рабіць?
Я падымаю руку і разглядаю. Потым падымаю і падношу да вачэй і другую. Каб магла, я падняла б і нагу, але тут, у кавярні, на людзях, стыдаюся. Скура, поры, лініі далоні. Цела, набрынялае крывёю. Хай цела падкажа маёй глуха-нямой душы, глуха-знямеламу розуму, што я маю рабіць?
За акном, за цюлевай сетачкай, падлятае да прыпынку чарговая маршрутка, і адтуль выбіраецца Вяржбіцкая. Я грукаю ў акно, і яна паварочвае да кавярні. Даражэннымі ботамі брохае па вадзе; нягледзячы на імжу, яна ў пясцовым футры. Перш-наперш замаўляе глінтвейн, а потым плюхаецца насупраць мяне на крэсла, паказвае пальцам на маю каву ў пластыкавым кубачку і заяўляе:
– Калі б кожны еўрапеец плаціў за кожны фунт кавы на 1 (адзін) цэнт больш, то ў афрыканскіх краінах не было б голаду. Такая кава прадаецца, і называецца чэснай. Ты п’еш чэсную каву?
– Ленка, учора вечарам да мяне прыходзіў Кулееў. Ён сказаў, што я павінна аддаць ім маршруткі, бо інакш яны нас з Артурам заб’юць.
Вярба, здаецца, цверазее. Яна працягвае руку і адсёрбвае каву з майго кубачка.
– Ленка, што мне рабіць? Як бараніцца? Яшчэ ён сказаў, што прадасць бізнес і ўложыць грошы ў чыгунку, якую пракладзе, каб зрабіць