Пакахай мяне, калі ласка… (зборнік). Коллектив авторовЧитать онлайн книгу.
не жылі, і Соня сапраўды адчувала сябе засохлым карэньчыкам, ну хоць бы і шыпшыны, але ж жухлай, змарнелай, без цвету і водару. Баба Ядзя жыла непадалёк ад Менску, але бачыліся яны гады ў рады без імпэту і асаблівай цеплыні. Чаму? Часам Соні здавалася, што бабка мелася штосьці паведаць ёй, вачыма клікала бліжэй да сябе ды, здаецца, з гадамі губляла і розум, і памяць. У рэдкія апошнімі гадамі сустрэчы пыталася пра неістотныя для Соні рэчы, змаўкала ці-то спявала паціху нешта пра далёкую рэчку Дунай. Таму ў Заслаўе Соня ездзіла ўсё радзей і радзей.
Якая яна была, тая Соня? Няпэўныя рысы, размытае ўражанне. Яе ўнутранае жыццё, думкі неяк не супадалі з тварам, унікалі яго. Адбывалася разыходжанне, збівалася рэзкасць, губляўся фокус. Нібы яна і тут, а праявіць сябе, заявіць сваю прысутнасць не ў стане. Ходзяць дзве такія Соні на паўкроку адна ад адной. Усё мусіла перамяніцца з пераездам у новае жытло! Жыццё – нанова! Трэба было павыкідваць з галавы замшэлыя, слізкія камяні сумненняў, як бы вызваліць на волю з запруды хуткую плынь, павымятаць павуту сваіх ды чужых жахаў. Вызваліць душу для чагосьці сапраўды вартага.
Дом сустрэў першых жыхароў амаль у поўным маўчанні. Дзверы не рыпелі і не ляпалі, вецер загразнуў недзе звонку, не галосячы звыкла ў трубах. Адно гучна крапала недзе вада, быццам з незакручанага як след крана. Першыя ж гукі галасоў, што вымаўляліся пад час неабходнага знаёмства суседзяў на лесвічных пралётах, прагучалі як бы знутры якой студні – голасна, вільготна, з ледзь чутным водгуллем рэха. Соня была рада прычыніць за сабой дзверы ўласнай кватэры, бы адрэзаць кавалак таго густога калідорнага паветра, у якім як у ваце патанулі галасы будучых суседзяў па пляцоўцы.
Шпалеры для свайго пакоя Соня выбрала белыябелыя. Калі ўжо з новага аркуша, дык з самага чыстага! Хопіць азірацца. Тут у высотным доме так вабіць далячынь, якая праглядаецца ва ўсіх трох вокнах яе кватэры, яе хуткаснага лайнера пасярод аблокаў! Далей ад свайго мінулага жыцця, прэч насамрэч! І чым хутчэй, тым лепей. Каб заквітнець буйным цветам, трэба пусціць новыя карані, не шкадаваць вады, каб не перасохлі, адшчапіць змарнелыя старыя, каб новая кроў пацякла праз новыя пуцявіны.
Першая ж ноч на новым месцы прынесла Соні незвычайны спакой. Так глыбока і соладка яна не спала з маленства. Кладучыся, не забылася загадаць старое, з бабчынага: «На новым месцы хай прысніцца жаніх нявесце!» Прысніўся чыйсьці голас, але праз плюскатанне вады было не разабраць слоў. Пасля, прачнуўшыся, Соня вывудзіла з памяці пра сон яшчэ адзін пошум, які замінаў пачуць словы. Так калісьці шамацеў чарот, калі яе бацька рассоўваў вёсламі сухое сцябло, прабіраючыся да берагу скрозь густы зараснік. А яна, Соня, крышыла пальцамі варсістую рудую галоўку чарота, здзьмухваючы пасля з каленяў мяккі паветраны пух.
Апоўдні яна ўжо не згадвала пра голас, занятая ўладкаваннем свайго новага жыцця. Рэчаў было няшмат, ламачча і рыззё засталіся па старым адрасе. Усё з нуля, усё з чыстага аркуша! Адмовілася нават ад альбома са старымі