У святой краіне выгнання. Ала СямёнаваЧитать онлайн книгу.
сябе сапраўдным героем. Прэміі яму, праўда, не далі. Першую прэмію атрымаў Сурвіла – з дзясятага класа. У яго касцюм быў звышідэйны – «Мір». На галаве папяровы Крэмль, а на ім самім – нейкі цёмны балахон. Тэма была модная і яшчэ вельмі актуальная – у школе было поўна пераросткаў. З-за вайны. У школе былі дзеці з дзіцячага дома – з-за вайны. У школе былі бязбацькавічы – з-за вайны. Галоўны тост у застоллях дарослых быў – «за мір ва ўсім свеце». Пакаленне Даны, крыху падросшы, падсмейвалася з рытуальнага тостазаклінання, ажно калі іх жыццё перайшло на сваю другую палавіну, яны зразумелі сакральны наіў сваіх бацькоў: зноў больш ці менш лакальныя канфлікты адбіралі жыццё ў маладых і старых, ператваралі ў нішто дабрабыт, адбіралі веру ў справядлівасць.
А на тым, першым сваім маскарадзе Дана таксама мела касцюм «у духу часу», як любіў паўтараць пазней адзін чалавек, што лічыў сябе літаратарам. Касцюм меўся паказваць «голуба міру». Тады ўсюды быў растыражыраваны «Голуб міру» Пікаса, і большасць цывілізаванага грамадства адной шостай часткі зямной кулі сур’ёзна лічыла малюнак галоўнай працай вялікага іспанца. «Адкрыцці» Пікаса, імпрэсіяністаў, імажыністаў, экспрэсіяністаў, кубістаў сталі адбывацца гадоў на пяць— сем пазней. І прыпала на студэнцкія Данчыны гады.
Напярэдадні маскараду маці Даны сядзела не адну ноч, нашываючы белае пер’е ці то курэй, ці то качак на белую марлю. Галоўны акцэнт быў на какетцы, рукавах і шапцы. Рукаво было аблямавана пер’ем, і калі Дана ўздымала рукі, дык выгляд атрымліваўся досыць дыстынктоўны. Ну, а каб яе строі не прыняў хто за намёк на пазасацыяльнае адзенне якой інфанты, на блакітнай стужцы праз плячо было назначана: «Голуб міру».
А прывезла ў школу Дану сама Капітанша Кацярына, на адзінай у горадзе «Пабедзе». Праўда, высветлілася, што Дана прыняла гэту каралеўскую міласць зусім не як дарунак лёсу. Яна буркнула: «Дзякуй», – і збегла. Аднак Кацярына аказалася міласцівай да канца. І прыехала па Дану а дванаццатай гадзіне. Смяялася – забіраю, як Папялушку. Праўда, у Даны крышталёвых чаравічкаў не было. Былі – тыя самыя класічныя «балеткі», начышчаныя зубным парашком да нечуванай белаты.
Гэта быў першы баль. Першае свята, амаль як у дарослых, старшакласнікаў. І Дана чакала яго. Павінна здарыцца нешта незвычайнае. «Вайну і мір» Дана ўжо «праглынула». І была ўражаная Балконскім і Дорахавым. Наташа Растова ёй не вельмі спадабалася, але першы баль Наташы Дана запомніла. Ну, школа – не велікасвецкая зала, аднак фантазія магла прымроіць што заўгодна…
На ганку школы Дана вызвалілася ад футра Капітаншы Кацярыны і ад яе самой. Перайшла пад апекаванне маці. Насунула на вочы маску: «Маска, хто вы?» Але яе адразу ўсе пазналі. І чароўныя прынцы недзе, мабыць, збіліся з дарогі, трапіўшы на баль. І добрыя феі, падкінуўшы «карэту» Капітаншы Кацярыны, вырашылі далей пралога казкі не пасоўвацца. Дана таксама яшчэ не мела на мэце, што казачны прынц, капітан Грэй, князь Балконскі павінны з’явіцца да яе. Дана была згодная на чужы баль. Але ж не было