На парозе раю. Зінаіда ДудзюкЧитать онлайн книгу.
пераважвалася нейкімі адмоўнымі дробнымі дэталямі. Дарослага чалавека не перавыхаваеш, яго трэба ўспрымаць такім, які ён ёсць. Яна была ў тым узросце, калі першае, другое і трэцяе каханне развеяліся, і ўспамінаць пра тое не хацелася. Цяпер яна перажывала такі перыяд, калі душа была вольная ад захаплення якою-небудзь асобаю мужчынскага полу. Так, адзін з супрацоўнікаў заляцаўся да яе, але ён жанаты чалавек, найхутчэй проста шукае сабе забаўку за межамі сям’і. Хоць даволі прыемны звонку, ды ў душы эгаістычны і чэрствы. Гэта бачна па тым, як ён ставіцца да супрацоўнікаў і да сваіх абавязкаў. Бырыс шчыры, адкрыты, але ўладны, і гэта пакуль яшчэ ён не муж, а толькі жаніх…
– Вось і гарбатка, – прамовіла Клаўдзія Міхайлаўна, паставіўшы на круглы столік кубачкі, цукар, хлебніцу з лустачкамі нарэзанага батона.
– Дзякую. Якая духмяная заварка! У вас ёсць нейкі сакрэт?
– Не, няма. Праўда, іншы раз дадаю чабор або душыцу. Частуйцеся, Юлечка.
Гаспадыня і сама села да стала, паглядзела на дзяўчыну, раздумваючы, як пачаць гаворку.
– Вы малайчына, Юля, выдатна напісалі, мне спадабалася.
– Дзякую. Я рада зрабіць хоць што-небудзь добрае для вас. Можа, варта было больш распісаць вашы пакуты там, у Сібіры.
– Скрозь людзі жывуць. І ў Сібіры – таксам. Былі там не толькі трагічныя, але і камічныя сітуацыі. Вось такая, напрыклад. Атрымалі золатаздабытчыкі разлік за сезон, купілі білеты на самалёт, каб вылецець на адпачынак ці да радні, а перад дарогай дзень балююць. Раніцай рынуліся да аэрадрома на таксі, а нехта дарогу перакапаў так, што машына не пройдзе. Самалёт чакае пасажыраў з загадзя набытымі білетамі, а яны, яшчэ непрацверазелыя, дарогу ладзяць. Вось табе смех і грэх!
– Клаўдзія Міхайлаўна, можа, яшчэ адзін артыкул напішам пра ваша жыццё ў Сібіры?
– Калі-небудзь потым, а цяпер дай Божа гэты перажыць.
– Што вас турбуе? – здзівілася Юля.
– Ды рознае. Ці мала як людзі гэта зразумеюць і ўспрымуць. Ды што мы ўсё пра мяне? Раскажыце лепш пра сябе.
– Мая мама таксама з-пад Антопаля была, з Пігановічаў. Так што мы з вамі амаль зямлячкі.
– Была? – перапытала гаспадыня.
– Так, яна памерла даўно, мне і дзесяці гадоў не было. Кволілася на сэрца, прастудзілася ў маленстве. Бацька адразу ажаніўся другі раз. Была ў яго даўняя сяброўка ў Кобрыне, куды мы пераехалі, там я дзесяцігодку скончыла, паступіла ў БДУ. З мачыхаю мы людзі чужыя.
– Юлечка, раскажыце пра што-небудзь весялейшае.
– Мяне замуж сватаюць, – нечакана для сябе сказала Юля пра тое, што яе найбольш хвалявала ў гэтую хвіліну, а параіцца не было з кім.
– Віншую і жадаю шчасця. З такой нагоды, можна і вінца выпіць? У мяне ёсць, – прапанавала гаспадыня.
– Не, калі ласка, не трэба. Сёння я дзяжуру па газеце. У такі дзень трэба мець абсалютна цвярозую галаву.
– Што ж, настойваць не буду. І хто ж жаніх? – лагодна спытала гаспадыня.
– Ды так, адзін хлоцец, трохі маладзейшы за мяне.
– Гэта