Помнік літары «Ў». Вінцэсь МудроўЧитать онлайн книгу.
выкінуць.
– Таму што па-беларуску напісана, – адгукаецца адзін з рамонтнікаў, – Лукашэнка мовы не любіць – вось і загадалі зрэзаць.
У нашай вёсцы, дарэчы, адны Лукашэнку страшэнна любяць, другія лаяць. Надоечы два пенсіянера – наш сусед Музалёў і кульгавы Міканор, што жыве на выселках – нават пабіліся, высвятляючы – добры ў нас прэзідэнт ці благі. Пілі самагонку ў Музалёвай хаце і завяліся. Музалёў ляснуў Міканора бутэлькай па галаве, і давялося нават «хуткую» выклікаць. А потым яшчэ і ўчастковы прыязджаў, нейкія паперы пісаў.
– Што там гэтыя бляшанкі, – уключыўся ў размову другі рамонтнік – высокі дзядзька з чырвоным носам: пыхкаючы цыгаркай, дзядзька раскручваў кабель. – На Віцебскім вакзале вітражы былі з «Пагоняй». Сонца свеціць і на падлозе каляровыя адбіткі. Прыгожа, як у касцёле. Усё разбілі, а ў вокны шклопакеты ўпіхнулі.
– А што за «Пагоня» такая? – пытаецца бацька.
– Ну ты што, не ведаеш? Рыцар на кані. Пры Шушкевічу на грошах малявалі.
– Усё панішчылі, – лаецца даўгяла з сінім носам, і дзяжурная па станцыі, што выйшла на перон, незадаволена мармыча: – Ну хопіць ужо… – у руцэ кабета трымае сінюю шыльду. Дзяжурная прыхінула яе да сцяны, прычым дагары нагамі, і я, завярнуўшы галаву, па складах чытаю: «Стан-ци-я Дол-жо».
Хуценька насоўваю кашулю, збіраючыся паглядзець – як будуць зразаць літары, – але дзяжурная просіць не пачынаць працу, пакуль не пройдзе «дызель», і я зноў прымошчваюся на збуцвелых, цёплых ад сквару шпалах.
«Дызель» заскуголіў гамульцамі, з шумам аддзьмуўся. Некалькі пасажыраў выйшлі – мне былі бачны толькі іхныя ногі, – цягнік злёгку тузануўся, колы ўсё з большай рашучасцю пакаціліся па рэйках, і не паспеў ад перона ад’ехаць апошні вагон, як наваколле скалануў шалёны віскат. Даўгалыгі дзядзька, залезшы на драбіны, пілаваў «балгаркай» металёвы шпень, шпурляючы долу зіхоткія іскры. Іншым разам пасажыры, што выйшлі з «дызеля», спыніліся б, каб паглядзець – што тут робяць рамонтнікі, – але цяпер іх усіх як вецер знёс, і ў наваколлі залівіста забрахалі сабакі. Я таксама быў насунуў кашулю, ды, пачуўшы такое, перабраўся на другі бок штабеля, дзе было больш зацішна, і, прытуліўшыся спінай да шпал, стаў утрапёна глядзець на жытнёвае поле і на зубчасты край лесу, што пазначаў далёкі небакрай.
Зрэзаныя літары ляжалі пасярод перону. Усё спрэс пакарабачаныя, і толькі «у нескладовае» выглядала некранальна раўнюткім.
– Была Доўжа, стала ДолжО! – прамовіў, гучна і грэбліва, даўгалыгі дзядзька. – У нас так зроду вёску не называлі.
Дзядзька толькі што прасвідраваў апошнюю свідравіну – на тым месцы, дзе павінна была вісець новая шыльда, – і спусціўся па драбінах.
Ад старой назвы засталіся абрэзаныя шпяні ды шэрая колка ад спляжанага ластаўчынага гнязда.
– Шліфаваць давядзецца. А потым па-новай тынкаваць, – прамовіў бацька, пазіраючы на знявечаную сцяну.
– Вось куды ідуць народныя грошы, – азваўся даўгалыгі, падміргнуў мне вясёлым вокам, і я падхапіў