Мае дзевяностыя. Альгерд БахарэвiчЧитать онлайн книгу.
б’юць па галаве, хапаюць за рукі і штурхаюць у сьпіну. Выгнаньне – кашэчы канцэрт у паўцемры. Выгнаньне нагадвае табе пра тваю канцовасьць і сьмяротнасьць. Выгнаньне – так грае скрыпка, пакутуючы і распавядаючы сваю гісторыю кожным выгінам, кожнай струною…
Выгнаньне – гэта я разумею. У 90-я мяне наогул часта выганялі. Зь лекцый. З шэрагаў. З унівэру. З паседжаньняў. З храмаў культуры. З кабінэтаў. З рэпэтыцыйных кропак. З мастацтва. З Дому літаратара. Са сваіх жыцьцяў. З працы. З мовы. Пакуль у 2007-м я сам сябе ня выгнаў за мяжу. Але гэта было значна пазьней. Празь сямнаццаць гадоў пасьля таго, як у маім жыцьці раптам надышлі яны – дзевяностыя.
Рай, пекла, запаветы… Бог… Што гэта я такое вярзу, каго пераймаю? Я хутчэй агностык, чым атэіст. У дзяцінстве мяне так і не пахрысьцілі – баяліся за маміну кар’еру. У 90-я хрысьціцца я ўжо й сам не захацеў: як увайшоў у іх бязбожнікам, гэтак і выйшаў. Так і жыву – бяз бога.
Нязнайка ў Сонечным горадзе
Мне было гадоў дзесяць, калі я ўзяў у рукі кніжку савецкага пісьменьніка Мікалая Носава «Нязнайка на Месяцы» – і так і ня змог адарвацца, пакуль не дачытаў яе да канца. Гэты антыкапіталістычны памфлет, удала замаскаваны пад дзіцячую казку, – адзін з найлепшых твораў савецкай літаратуры. Я думаю, што ён моцна паўплываў на мяне як на асобу – разам з «Нататкамі пра Шэрлака Голмса», Уэлсам, Дзюма, Азімавым, Брэдбэры, «Адысэяй капітана Блада», Маўрам і іншымі любімымі кніжкамі той пары.
Праўда, мой бунтоўны і скажоны скрайнім індывідуалізмам розум усё ўспрымаў па-свойму: напрыклад, мне быў глыбока агідны «правільны» інтэлектуал і канфарміст Знайка, «фізык», тэхнар і зануда. Я заўжды быў на баку Нязнайкі – паэта, неслуха, фрыка і наіўнага зуха. Забаўна, што на пачатку 90-х я, вядома ж, прымушаў сябе лічыць Носава пустышкаю, бальшавіком і ворагам сапраўднай, заходняй свабоды і дэмакратыі. У дзевяностых «Месяц» з кнігі пра Нязнайку зваліўся проста нам на галовы – мы ўсе раптам апынуліся ў апісаным Носавым сьвеце, Знайкі, Нязнайкі, Пончыкі, Фуксіі і Сялёдачкі… Пажыўшы ў дзікім лукашэнкаўскім «сацыялістычным капіталізьме», а потым сем гадоў на Захадзе, звар’яцелым ад спажывецтва і ўпэўненым у тым, што каштоўнасьць культуры вымяраецца ў продажах, я ўспомніў казку Носава. І са зьдзіўленьнем зразумеў, што ў ёй была свая праўда. Вядома, Захад – гэта ня толькі грошы і кансумэрызм, а яшчэ і дэмакратыя і падтрымка меншасьцяў, і мультыкульты, і вольны дух. А савецкая роўнасьць – проста цынічны міт, які толькі наіўныя Нязнайкі прынялі ўсур’ёз. І ўсё ж я маю сантымэнт да Нязнайкавай месяцовай адысэі… Я бачу ў гэтым чалавечку сябе – няўрымсьлівага, рамантычнага, наіўнага, зь ветрам у галаве і поўнага дурацкіх плянаў…
Але рэч у тым, што тады, у 90-я, ніякага Месяца я не заўважыў. Месяц мне засланіла Места. Сонечнае, п’янае, бурлівае і да болю маё.
Тут, тут, тут
Я пражыў усе свае 90-я ў Менску – горадзе, што імкліва зьнікае, пакідаючы сям і там дзіўныя «месцы памяці», якія я называю магічнымі брамамі. Я піў партвэйн, хаваючыся за руінамі старасьвецкіх дамоў, –