Мае дзевяностыя. Альгерд БахарэвiчЧитать онлайн книгу.
вакол яго кола, можаш рухацца далей. А калі нож з тупым гукам пляснуўся на зямлю – саступаеш ход суперніку. Ножыкі… А былі яшчэ ножыкі-«танчыкі». Наколькі я памятаю, там усё залежала ад таго, як кінуць нож: мудрагелістыя кідкі прыносілі больш перавагаў. Напрыклад, з-за сьпіны. Або паміж расстаўленых ног. А яшчэ была гульня ў краіны, у земляныя імпэрыі: дзе ножык утыркнуўся – там твая тэрыторыя…
Я спрабую расказаць пра гэта дачцэ. Здаецца, яна ня надта разумее. Хлопчыкі з нажамі на школьным двары – яе, жыхарку Гамбургу, гэта крыху палохае. Ці яна проста робіць выгляд?
Часам ножыкі з тых школьных гадоў лятуць даўжэй і трапляюць не туды. Вось нехта толькі што напісаў у мэсэнджэр. Ого, стары знаёмы, мы ня бачыліся 20 гадоў. Мы ўяўляем адзін аднаго – і перад нашымі вачыма тыя, маладыя твары, і ў вушах тыя, маладыя галасы. Адказваць – ці не? Мы належым нашым дзевяностым – або яны нам? Ці змаглі мы іх пераадолець у сабе, вырасьці зь іх, навучыцца ў іх нечаму? Ці гэта проста ўмоўнасьць? Час, які быў, мінуў, прамільгнуў, сышоў?..
Тое, чаго я больш за ўсё баюся ў такіх размовах з прывідамі 90-х, – гэта настальгія. Непазьбежныя параўнаньні і высновы: тады мы былі лепшыя, жылі весялей, і наогул там засталося ўсё шчасьлівае, сьветлае і жывое. Ня тое, што цяпер: работа, дом, клопаты, будзённасьць, грошы. «А памятаеш, як ты?.. А памятаеш Таньку?.. А Лаўрыка?.. А памятаеш, як мы?.. »
Ну, памятаю. І што?
Сярод дзесяці запаветаў мне не хапае аднаго. Навучыся забываць.
«Наша цудоўная маладосьць»
Жыць настальгіяй – убогі занятак. Людзей мусяць злучаць свабода, пяшчота і гордасьць, а не агульныя ўспаміны. Такія ўспаміны – наркотык, на які няцяжка падсесьці і потым гадамі мучыцца ад неадпаведнасьці твайго жыцьця фальшываму ідэалу «маладосьці». Калі я думаю пра свае дзевяностыя, дык знаходжу там шмат глупства… І ня проста глупства: тупасьці, абмежаванасьці, брыдоты, наіўнасьці і легкавернасьці. Усё, што было ў дзевяностых, няхай там і застаецца. Я не магу падтрымаць размову з тым, для каго работа, дом, дзеці, будзённасьць і грошы ёсьць сумнай альтэрнатывай таму страчанаму шчасьцю. Я думаю, што мой цяперашні сьвет значна больш цікавы, заняткі несувымерна зьмястоўнейшыя, людзі навокал глыбейшыя. Мне падабаецца, як мінае мой час. Я не хачу назад – нават калі б меў магчымасьць усё выправіць. Я падабаюся сабе такім, які я цяпер. У мяне няма ніякага жаданьня шмыгаць носам пад рытуальную бутэльку ці разразаць з кімсьці пракіслы торт памяці, аздоблены ягадкамі-згадкамі пра «нашу цудоўную маладосьць».
Чалавек зь дзевяностых
Цікава. Калі цяпер мы кажам пра кагосьці «чалавек зь дзевяностых», у нашым голасе гучыць шкадаваньне. Шкадаваньне, лёгкая пагарда, разуменьне, што нічога ўжо з гэтым чалавекам ня зробіш. Ён такі, ён застаўся ў дзевяностых. Няма сэнсу спрачацца. Чалавек зь дзевяностых безнадзейна адстаў, сьвет ідзе далей, безь яго.
А пра нас будуць казаць некалі: «людзі пачатку стагодзьдзяІ. Што мы пачуем у гэтых галасах?
Неяк мы з жонкай былі на