Душа твая светлая. Коллектив авторовЧитать онлайн книгу.
паглядзела на яго засяроджана-ўважліва і, павагаўшыся, адказала:
– Лірычныя мініяцюры, эсэ.
– А што такое эсэ?
– Гэта свабодны літаратурны жанр, які дазваляе аўтару не прытрымлівацца строгага сюжэта, вольна выказваць свае думкі, мысліць асацыятыўна.
– А вы дасце мне што-небудзь сваё пачытаць?
– Васіль Пятровіч, навошта гэта вам?
– Вы, можа, здзівіцеся, але ў школьныя гады я сур’ёзна марыў стаць пісьменнікам. Пісаў так званыя вершы, апавяданні і рассылаў іх па розных рэдакцыях. Іх не друкавалі, але я ўпарта пасылаў новыя. Пакуль адзін аўтарытэтны літкансультант з Саюза пісьменнікаў не прыслаў мне вялікае, па-бацькоўску заклапочанае пісьмо і сказаў шчыра і прама, што літаратура – гэта не мая справа. Варта заняцца чым-небудзь канкрэтным. Я падумаў, падумаў і пасля школы паступіў на біяфак універсітэта, вырашыўшы, што прырода і паэзія – у нечым вельмі блізкія сферы. І не памыліўся. Я люблю тое, чым сёння займаюся…
Наталля зноў паглядзела на яго пільна-ўважліва і як бы трохі са здзіўленнем. Сказала ціха, задуменна:
– Гэта шчасце, калі ёсць работа, якую любіш. А яшчэ… вялікае шчасце, калі цябе хто-небудзь кахае.
Шчокі Наталлі зноў запунсавелі. Яна ўзяла з рук Дзядзюлі свой рукапіс і парывіста паднялася з лаўкі:
– Прабачце. Мне трэба ісці.
– Наталля, і ўсё-такі я вельмі хацеў бы пачытаць што-небудзь вашае. Я магу вам пазваніць?
– Не ведаю. Будзе бачна.
І заспяшалася ў бок прахадной. Толькі цяпер Дзядзюля заўважыў, якая ў яе лёгкая, спружыністая паходка. Паходка балерыны.
3
Яны сустрэліся недзе тыдні праз два. Для гэтага выпала зручная нагода: у газеце нарэшце надрукавалі інтэрв’ю.
Дзядзюля пазваніў Наталлі, павіншаваў з публікацыяй, сказаў, што газету прачытала кіраўніцтва саду і яго на планёрцы пахвалілі.
– Наташа, – нечакана сказаў ён і асекся, упершыню назваўшы яе гэтак, неафіцыйна. Але адчуў, што новае імя яму спадабалася, яно больш цёплае, блізкае. – Наташа. А што вы робіце сёння вечарам?
Яна памаўчала і адказала, як яму падалося, з нейкім прыхаваным сумам:
– Сёння ў мяне заняткі ў спартыўнай секцыі.
– А заўтра?
– Заўтра – танцы.
– Калі ж у вас вольны вечар?
– Толькі ў сераду.
– Тады я пачакаю да серады. Толькі вы, калі ласка, нічым яе не займайце. Мне вельмі трэба з вамі пагаварыць. Дамовіліся?
– Будзе бачна.
Дзядзюля абрадаваўся: ужо ў тым, што яна не адмовіла яму ў спатканні, быў добры знак. Знак чаго? Ён задаваў гэтае пытанне самому сабе і знаходзіў адзіны адказ: у іхніх адносінах можа нешта атрымацца.
Вечарам у сераду яны сапраўды сустрэліся. Усе гэтыя дні нецярплівага чакання ён са здзіўленнем лавіў сябе на тым, што думае пра яе, што яму хочацца бачыць яе, чуць яе прыемны голас, які выклікае ў душы даўно забытае хваляванне.
Дзядзюля запрасіў Наталлю ў сваю любімую, як ён жартам назваў, імянную кавярню «Васількі».