Душа твая светлая. Коллектив авторовЧитать онлайн книгу.
якая хораша аблягала яе зграбную, стройную постаць. Аднак Дзядзюля яе мякка пажурыў:
– Наталі, мы ж у лес сабраліся, а не на танцы.
– А ў мяне во тут, – паказала яна пакет, – запасная адзежа. І красоўкі таксама.
– Тады ладна. Малайчына.
Частку дарогі праехалі рэйсавым аўтобусам, пасля – спадарожнай легкавушкай і кіламетры са два ішлі лясной сцяжынай пешкі.
Возера адкрылася раптоўна, як толькі яны прадраліся скрозь густы зараснік дзікай маліны, калючай шыпшыны і густога вербалозу. Блакітнае люстэрка вады зачароўвала глыбокім спакоем і першародным хараством.
Знайшлі невялічкі лапік чыстай травы з такім жа чыстым пясчаным берагам. Дзядзюля з палёгкаю зняў са спіны цяжкі заплечнік і стомлена ўпаў на траву, закінуўшы рукі за галаву. У высокім блакітным небе паволі плылі аблокі.
– Вось ён, зямны рай!..
Наташа засмяялася:
– Добра, Адам. Давай ставіць палатку, а то як сонца прыпячэ – не будзем ведаць, куды дзявацца.
Дзядзюля думаў, што з палаткай яму давядзецца важдацца аднаму, але Наташа дапамагла яму надзвычай спрытна і кемліва.
– А ты адкуль гэта ўсё ўмееш? – здзівіўся Дзядзюля.
– Пасля раскажу. Давай спярша крыху перакусім ды будзем купацца.
Яна дастала з заплечніка, які прынёс Дзядзюля, цырату, акуратна разаслала на траве, нарэзала кружочкамі агурок, паклала іх разам з вяндлінай на хлеб – і атрымаліся апетытныя бутэрброды.
Перакусіўшы, пайшлі купацца. Наташа хуценька зняла цераз галаву сукенку (купальнік ужо быў на ёй) і адразу кінулася ў ваду. Паплыла лёгка, прыгожа, далёка.
А ён у нерашучасці ўсё стаяў на беразе, мацаючы нагою даволі халодную ваду і, напэўна, так і не рашыўся б увайсці, калі б не прысутнасць Наташы. Вады ён баяўся панічна. Двойчы яму давялося тануць. У дзяцінстве – у сваёй рэчцы, куды яго больш дарослыя зубаскалы кінулі на самае глыбокае месца і ледзь пасля адратавалі. А другі раз гэта здарылася ў сочынскім санаторыі. Ён адважыўся заплыць за буйкі і нечакана захлынуўся хваляю, ледзь не пайшоў на дно. Як ён дагрэбся да берага, адзін Бог ведае. Пасля гэтага плаваў толькі ўздоўж берага.
– Эй, плыві сюды! – гукнула з сярэдзіны возера Наташа. – Тут такая харашыня-а-а!
Ён усё ж увайшоў у ваду і паплыў – няўмела, па-сабачы. Пабоўтаўся крыху і выбраўся на бераг. А Наташа была ў сваёй стыхіі. Плавала і на сажонкі, і на спіне і нырала, ды так надоўга, што ён ажно пачаў хвалявацца:
– Наталі, хопіць ужо. Вылазь!
6
З вады яна выйшла як Афрадыта – уся ў брыльянтавых кропельках, пазалочаная сонцам. «Якая ж яна зграбная, стройная, лёгкая… – залюбаваўся Дзядзюля. – Ёй пазайздросціць любая дзяўчына».
Ён хацеў накінуць ёй на плечы вафельны ручнік, але жанчына адвяла яго руку:
– Не трэба. Мне не холадна. Такое ласкавае сонейка…
Пакуль Наташа загарала, падставіўшы твар сонцу і развёўшы рукі ўбакі, Дзядзюля расклаў цяпельца і стаў падсмажваць на ражэнчыку скрылёчкі сала. Нічога ў свеце няма смачнейшага за гэты паходны, з дымком далікатэс!
Наташы