. Читать онлайн книгу.
больш мілагучнымі, ці мяняюць іх па якіх-небудзь іншых прычынах.
– Паслухай, Касій, – запярэчыў малады Пойндэкстэр, – ты да яго несправядлівы. Ён, па-мойму, чалавек адукаваны, джэнтльмен, дастойны насіць самае знатнае імя.
– Джэнтльмен! Чорт вазьмі, наўрад ці! Я ніколі не сустракаў джэнтльмена, які б убіраўся ў мексіканскія анучы. Б’юся аб заклад, што гэта проста які-небудзь прайдзісвет.
У час гэтай размовы чароўная крэолка выглянула з карэты і з непрытоенай цікавасцю праводзіла вачамі конніка, які аддаляўся.
Ці не гэтым трэба растлумачыць з’едлівы тон Калхаўна?
– У чым справа, Лу? – спытаў ён амаль шэптам, пад’ехаўшы блізка да карэты. – Ты, здаецца, вельмі спяшаешся? Можа, ты хочаш дагнаць гэтага нахабніка? Яшчэ не позна – я дам табе свайго каня.
Дзяўчына адхінулася назад, відаць незадаволеная не толькі словамі, але і тонам кузена. Але яна не падала віду, што раззлавалася, і не стала спрачацца – яна выказала сваю незадаволенасць значна больш крыўдным чынам. Звонкі смех быў адзіным адказам, якім яна ўдастоіла кузена.
– Ах, так… Гледзячы на цябе, я так і падумаў, што тут нешта нячыста. У цябе быў такі выгляд, быццам ты зачаравана гэтым фарсістым кур’ерам. Ён, напэўна, паланіў цябе сваім пышным убраннем? Але ведай, што гэта ўсяго толькі варона ў паўлінавых пёрах, і мне, відаць, яшчэ давядзецца садраць іх з яго, і, можа стацца, з кавалкам яго скуры.
– Як табе не сорамна, Касій! Падумай, што ты гаворыш!
– Гэта табе трэба думаць аб тым, як ты сябе паводзіш, Лу. Удастоіць сваёй увагай нейкага бадзягу, расфуфыранага блазана! Я ўпэўнены, што ён просты паштальён, наняты афіцэрамі форта.
– Паштальён, ты думаеш? Як бы я хацела атрымліваць любоўныя пісьмы з рук такога пісьманосца!
– Тады паспяшайся і скажы яму аб гэтым. Мой конь да тваіх паслуг.
– Ха-ха-ха! Які ж ты някемлівы! Калі б я нават захацела, дзеля жарту, дагнаць гэтага паштальёна на прэрыі, то на тваёй лянівай клячы мне гэта наўрад ці ўдалося б. Ён так хутка імчыцца на сваім гнядым, што, канешне, яны абодва знікнуць з вачэй раней, чым ты паспееш перамяніць мне сядло. О не! Мне яго не дагнаць, як бы мне гэтага ні хацелася.
– Глядзі, каб бацька не пачуў цябе!
– Глядзі, каб ён цябе не пачуў,– адказала дзяўчына, загаварыўшы цяпер ужо сур’ёзным тонам. – Хоць ты мой дваюрадны брат і бацька лічыць цябе верхам дасканаласці, я так не лічу, о не! Я ніколі не ўтойвала гэтага ад цябе – ці не так?
Калхаўн толькі насупіўся ў адказ на гэта горкае для яго прызнанне.
– Ты мой дваюрадны брат – і толькі,– працягвала дзяўчына строгім голасам, што рэзка адрозніваўся ад таго жартаўлівага тону, якім яна пачала гаворку. – Для мяне ты больш ніхто, капітан Касій Калхаўн! I не спрабуй, калі ласка, быць маім дарадчыкам. Толькі з адным чалавекам я лічу сваім абавязкам раіцца, і толькі яму я дазволю папракаць сябе. А таму прашу цябе, майстар' Каш, устрымацца ад падобных натацый. Я нікому не стану даваць справаздачу аб сваіх думках і ўчынках да таго часу, пакуль не