Канец адзіноты. Януш Леон ВишневскийЧитать онлайн книгу.
які па-ранейшаму драў горла сумна і пранізліва. Якуб крыху павагаўся, а потым сеў побач з мужчынам. Колькі часу яны моўчкі назіралі за катом. Урэшце мужчына выцягнуў у бок хлопца касцістую руку з адкрытым пачкам «Мальбара». Якуб памятае, што, калі ён адмовіўся, Іскра таксама не стаў курыць, схаваў цыгарэты ў кішэнь, устаў з парапета, пакланіўся і прадставіўся, моцна паціснуўшы яму руку. А калі сеў назад, гладзячы Бегемота, яны з Якубам загаварылі аб прыродзе катоў.
Мова Іскры, словы, што ён выкарыстоўваў, ледзь не філасофскія адступленні, якія ён лёгка, нібы мімаходзь, укручваў у маналог, аказаліся цалкам супрацьлеглымі ўяўленням Якуба пра гэтага чалавека, бо ён лічыў яго чуллівым да жывёл, але па сутнасці – мужланам-п’яніцам з лаўкі ля лікёра-гарэлачнага. Хлопец запомніў, як яму раптам зрабілася сорамна тады: ацэньваючы Іскру, ён кіраваўся прыкрымі стэрэатыпамі, аўтаматычна падзяліўшы свет на «мямляў» з лаўкі ля лікёра-гарэлачнага і вышэйшых за іх людзей – такіх, як ён, Якуб. Ён нічога не ведаў пра «бамжоў», апрача таго, што быць адным з іх ён не хоча. А цяпер ён слухаў Іскру, і… аказваецца, «у катоў фаза хуткага сну даўжэйшая, чым у людзей», а «коткі ў Старажытным Егіпце асацыяваліся з культам вярхоўнага бога Ра, а ў часы адсталага еўрапейскага Сярэднявечча іх у Вялікі Пост палілі сотнямі, бо верылі, што гэта ведзьмы ў абліччы жывёл», а «каэфіцыент энцэфалізацыі ў катоў у два разы вышэйшы, чым у сабак».
Ён памятае, што тады задаўся пытаннем, чым жа можна памераць той дзіўны каэфіцыент, а Іскра раптоўна спаслаўся на «Майстра і Маргарыту» Булгакава. Якуб ведаў гэты раман! Яму падсунула яго маці, калі ён быў ліцэістам-першагодкам, і, мабыць, падсунула зарана, бо асаблівага ўражання кніга на яго не зрабіла. Ён не разумеў і не падзяляў матчынага захаплення, якая перачытвала і перачытвала таго «Майстра…», як нейкі Талмуд, кожны раз занураючыся з галавой і нібы беручы прычасце. Мацней за ўсё яму ўрэзалася ў памяць дзіўная, а месцамі і смешная сюррэалістычнасць. А яшчэ тое, што адным з галоўных герояў быў усёмагутны д’ябал – здаецца, Вольфганг, ці, можа, Воланд, ці яшчэ неяк, – у чыёй свіце хадзіў Бегемот, вялікі чорны кацяра, што ўмеў размаўляць і ездзіў па Маскве на трамваі. І гэта было амаль усё, што Якуб памятаў.
Іскра ўважліва яго выслухаў, а потым нечакана спытаў, як завуць ягоную маці. Быццам гэта было самым важным. І раптам устаў, узяў ката на рукі, абняў і пачаў расказваць, што «ў Понтыя Пілата балела галава і што ён марыў толькі пра тое, каб зноў апынуцца ў сябе дома». І яшчэ згадаў нейкага Ешуа і першасвятароў. Спачатку Якуб падумаў, што Іскра трохі трызніць, бо ў галаве нешта перамкнула ад удару аб падлогу, і толькі потым зразумеў, што Іскра, які стаіць перад ім – з катом Бегемотам на руках, – дэкламуе «Майстра і Маргарыту»! Хлопец глядзеў на яго разгублена, не ведаючы, як рэагаваць. Смяяцца? Здзіўляцца? Захапляцца? Тое, што тут дзеялася, патыхала яшчэ большай сюррэалістычнасцю, чым увесь булгакаўскі Воланд і кот, які ездзіў па Маскве. І, нібыта гэтага было мала, акурат у момант, калі Іскра цытаваў урывак пра трамвай,