Канец адзіноты. Януш Леон ВишневскийЧитать онлайн книгу.
І ўрэшце авацыю падхапілі астатнія. Праз хвіліну ўся пляцоўка перад універсамам грымела апладысментамі. Чым гучнейшымі яны рабіліся, тым мацней паскараў крок Іскра. А ў канцы пабег. Нібыта ўцякаў, ахоплены страхам.
У тую суботу дадому яны не вярнуліся, а селі на лаўку ў парку за прыпынкам. Хоць сакавік толькі-толькі пачаўся, сонца ўжо прыемна прыгравала, а дзень быў бязветраны. Яны запівалі рэшткамі кефіру падсохлыя булкі і размаўлялі. Спачатку пра Іскру, а потым – пра свет, той, вакол універсама. Надзя не бачыла ў ім нічога дзіўнага, яна хадзіла сюды часта, гэта была яе тэрыторыя, штосьці кшталту малой радзімы. Тут прайшла частка яе дзяцінства, тут яна пасталела. Калі яны з бацькам вярнуліся з Гамбурга ў бабулін дом, універсам ужо стаяў. Татка – так Надзя часцей за ўсё называла свайго бацьку пасля прыезду ў Польшчу – часта браў яе з сабою сюды – «на марозіва». Яны сядалі на парапеце ля выхаду, і яна, у бяспечным таварыстве бацькі і бабулі, глядзела на пляцоўку перад універсамам і думала, што гэта найлепшае месца на свеце. Нягледзячы на тое, што ў Гамбургу асфальт быў гладчэйшы, пахла лепей, фарбаў было болей і не сустракалася «дзіўных паноў у патрапаным адзенні».
Надзя ведала, што рэальны ўніверсам, гэты малох пад дахам з хвалістага жалеза, яго мазаічная падлога і брудныя вокны – усё некалі знікне і зробіцца гісторыяй, якую моцна прыхарошыць настальгія. Але сканцэнтраваны вакол яго маленькі свет бяссільных, беспрытульных, адзінокіх, разгубленых бедакоў, якія топяць у спірце свой смутак, няўдачнікаў, якіх лёс працяў да крыві, касцей і душы, – гэты свет будзе існаваць далей. Бо бяда, няшчасце і адзінота – вечныя. Заўсёды знойдзецца ўніверсам, вакол якога будуць збірацца гэтыя няшчасныя. Хаця б для таго, каб упэўніцца, што яны не адны ў сваім няшчасці, што яны не нейкія там адкіды грамадства, што такія адшчапенцы ёсць яшчэ. Надзя лічыла, што ім патрэбная гэтая ўпэўненасць, каб не звар’яцець. Такое месца, як гэты ўніверсам, было ім неабходнае.
Калісьці яна і сабе знайшла такі ўніверсам. І нават некалькі. У розных мясцінах свету. Усе яны былі вельмі падобныя адзін да аднаго. Магчыма, Надзя адчувала сябе выгнанай, адрынутай і пакінутай з іншых прычын. Але ёй таксама было патрэбнае такое месца, каб не звар’яцець.
Яны потым разам гадалі, што ж мусіла здарыцца, каб Леон Іскра адвярнуўся ад свету. Тое, што ён ведаў на памяць булгакаўскі раман, Надзю абсалютна не здзівіла – яна таксама даслоўна памятала некаторыя ўрыўкі, прычым вялізныя. Яшчэ адна рэч, якой Якуб пра яе не ведаў.
– Ёсць кнігі, якія проста запамінаюцца. Да канца жыцця. І ты нават не заўважаеш, як яны пасяляюцца ў галаве, – сказала Надзя. – У цябе не так?
У яго было не так. Ён чытаў, можа, і не столькі, колькі маці, і дакладна менш, чым Надзя, але чытаў. І ўсё ж у яго ніколі не з’яўлялася жадання добраахвотна вучыць кнігу на памяць. Аднойчы ў пачатковай школе ён агораў дзве старонкі. У пятым класе ў іх была шалёная настаўніца мовы і літаратуры, якая настойвала, каб у канцы года яны дэкламавалі бацькам урыўкі з любімых кніг.