Канец адзіноты. Януш Леон ВишневскийЧитать онлайн книгу.
кожным днём ён усё больш нагадваў таго сябе, якім помніўся ёй з часу заручын і якім перастаў быць пасля шлюбу, калі яна ад яго аддалілася. Настолькі, каб паехаць у Парыж.
Гэта былі не змены, гэта было – так яна тады гэта бачыла – ператварэнне. Нежаданае спачатку дзіця раптоўна зрабілася чаканым і выпакутаваным. А Ёахім зрабіўся ўважлівым і чулым, пяшчотным і клапатлівым, як раней.
І гэта не было спектаклем, які муж граў, баючыся, што жонка сыдзе. Што б там ні казалі пра Ёахіма, крывадушнасць, няшчырасць і хлуслівасць былі не ў яго характары. Ён не быў стрыманым чалавекам, што пры яго просталінейнасці часта стварала яму рэпутацыю блазна ці ўвогуле палена неабчасанага. Не даводзіцца спрачацца, што калі даходзіла да непаразуменняў, канфліктаў ці дыскусій, Ёахіму не хапала ветлівасці і эмпатыі, і ён мог чалавека абразіць ці нават раніць. Колькі разоў яны праз гэта сварыліся! І ўсё ж яна аддавала перавагу яму перад брахуном і пазёрам.
У таго ператварэння была яшчэ адна прычына. Чаканне Якуба стала для іх абаіх часам трывогі і няпэўнасці. Да самага канца ўвогуле было невядома, ці ўбачыць дзіця гэты свет. Апошнія тры месяцы яна ляжала ў бальніцы на захаванні. У яе за плячыма ўжо быў адзін аборт, яна мела амаль трыццаць гадоў, і прагнозы былі не найлепшыя. Дактары часта паўтаралі, што варта быць гатовымі да ўсяго. Гэтае бездапаможнае чаканне і адмова думаць пра найгоршае на Ёахіма паўплывала мацней, чым на яе. Калі ж першынец урэшце нарадзіўся, то быў сапраўды маленечкі, дробненькі, з жаўтаватым зморшчаным цельцам. Дактары пацвердзілі, што ён абсалютна здаровы, і Ёахіма ахапіла эйфарыя.
З таго часу ён лічыў свайго сына ідэальным. Леварукасць, што ў пэўны момант стала відавочнай, гэты ідэал крыху парушала. Да спроб «выправіць» гэта – на шчасце, ненадоўга – далучылася і яна. А сёння сціскала зубы, калі ўспамінала, якой была ідыёткай. Не магла сабе прабачыць, што паддалася мужавым забабонам.
Калі Якуб з дзіцяці ператварыўся ў падлетка, падабенства паміж імі стала відавочным і ў іншых сферах. Як і яна, ён быў нясмелы, адстаронены і рэфлексіўны, але ўпарта стаяў на сваім, не зважаючы на меркаванне большасці, пры гэтым вельмі рэдка выказваючы ўласныя думкі ўголас. Яшчэ ён быў страшна самакрытычны і з любой нагоды пачынаў сумнявацца, пасля чаго яго даводзілася доўга і пакутліва пераконваць. Але калі ўжо ён у чымсьці ўпэўніваўся, то не саступаў са сваёй пазіцыі нізашто. З цяжкасцю заводзіў сяброў – ды і не шукаў іх, зрэшты. У школе, як і яна, лічыўся ізгоем – чуллівы да несправядлівасці маўчун, што з цяжкасцю цэдзіць словы. Некаторыя настаўнікі называлі яго канфліктным вучнем, пыхлівым і фанабэрыстым. І гэта цалкам супярэчыла таму, як бачылі яго равеснікі: для іх ён быў крыху дзівак, але свой у дошку братан, які сячэ фішку. Ацэнка настаўнікаў грунтавалася збольшага на тым, што Якуб задаваў нязручныя пытанні, часта выкрываў іх невуцтва, а часам дэманстраваў большыя веды, чым іхнія. Яна цудоўна памятала, што ў ліцэі была такая самая: яе таксама лічылі інтравертнай, хоць часамі