Канец адзіноты. Януш Леон ВишневскийЧитать онлайн книгу.
апроч таго, што сын заспеў маці за курэннем. Звычайна бывае наадварот. Ты ж ніколі не курыў, так? – яна зацягнулася. – Я аж крыху хвалявалася, бо сыны ўсіх маіх сябровак спрабавалі. Баялася, што ты мамчыным сынком вырасцеш. Ты заўсёды адрозніваўся ад іншых. Ты ж і цяпер не курыш, так?
– Так. У сэнсе не, – збянтэжана адказаў Якуб.
Яна абняла яго, моцна прыціснула да сябе і пяшчотна пагладзіла па галаве.
– Усё добра, сынку. Я цябе з вячэрай тут чакала. Ты ў пятніцу абяцаў, што мы павячэраем разам, вось і чакала. Апошнім часам я цябе толькі ранкамі бачу. Раней ты хаця б у нядзелю быў побач. Спаў да полудня і сыходзіў толькі пасля вячэры. А цяпер ты дома толькі начуеш, і тое не заўсёды. Вось учора, напрыклад, не было цябе. Нядзелі я ўжо і не згадваю. Ты нават не пазваніў. І слухаўку не браў. Раскажаш мне, што адбываецца?
– Апошнім часам у мяне шмат важных спраў, мама, – змучана адказаў ён, кладучы галаву ёй на плячо.
– Якіх спраў, сынку? – спытала маці і пакпіла: – І як іх завуць?
І тут жа пашкадавала пра неабачлівыя словы. Закусіла вусны і затрымала дыханне, чакаючы ад Якуба агрэсіі ў адказ. Але нічога такога не здарылася. Якуб ціха ўздыхнуў і адказаў:
– Надзя.
Яна пракаўтнула сліну. Узяла яго руку, пяшчотна прыціснула да вуснаў, адчуўшы палёгку і радасць…
І задумалася.
Ён
Амаль тры гады яна свядома і паслядоўна, душачы цікаўнасць і мацярынскую трывогу, пазбягала размоў «на тэму дзяўчат, захапленняў ці сябровак», як аднаго разу сфармуляваў гэта Якуб. Ёй пашанцавала, што сын не толькі яе любіў, але і сябраваў з ёю. Гэта здараецца не так часта, як можа падавацца. Яна сама любіла сваю маці, але сяброўкамі яны ніколі не былі. Любоў – гэта вынік вялікага захаплення, а бацькі ў нейкі перыяд захапляюць нас нечувана. Вось у той вельмі важны час на самым пачатку. У дзяцінстве яны для нас багі, ад іх залежыць усё. Самая галоўная – маці-багіня, потым ідзе бацька, часта яшчэ бывае бабуля, радзей – дзядуля. Гэтае захапленне, заснаванае на бязмежным даверы, і нараджае любоў. З прычыны недахопу ведаў і магчымасці ацэньваць – безумоўная. Вельмі падобная да інстынктыўнай любові сабакі: калі яго рэгулярна кормяць і пояць, яму ўсё адно, выводзіць яго гуляць апошні нягоднік або чалавек высакародны. У вачах сабакі абодва заслугоўваюць аднолькавай любові. А ў людзей з нейкага моманту ўжо не так. Яна, напрыклад, свайго бацьку любіла толькі ў дзяцінстве, а калі трохі падрасла і зразумела, што ён кепскі чалавек, яе любоў вельмі хутка ператварылася ў нянавісць. І гэта таксама нармальна. Да таго, каму мы бязмежна давяралі і хто аказаўся пачварай, ставіцца абыякава немагчыма. У такіх выпадках любоў робіцца не менш гарачай нянавісцю.
А вось сяброўства паміж дзецьмі і бацькамі – гэта зусім іншае. Крыніца сяброўства – здзіўленне ад таго, што існуе чалавек, чый погляд на ўсё супадае з тваім. Бацькі звычайна глядзяць на свет зусім іначай і да таго ж катэгарычна хочуць, каб іх дзеці ставіліся да яго гэтак жа, а з прычыны сваёй перавагі яшчэ і часта гэтага ад дзяцей патрабуюць. Бывае, што з непахіснай бязлітаснасцю. Мала таго што яны забываюць пра