Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення. Альгерд БахарэвiчЧитать онлайн книгу.
рахунку. Kto ty jesteś? Я з Шабаноў. Мяне складаў Душка, рэдагаваў Самацей, правяраў Крукаў. Я ня зь вёскі і ня з гораду, я ня неба і не зямля, я не беларус і не расеец, ня рыба і ня мяса, я ад бабушкі ўцёк, ад дзедушкі ўцёк – і ад самога сябе неяк ужо ўцяку.
4
На другі дзень Сафія стаяла, апранутая ва ўсё чорнае, перад дзьвярыма суседкі зьнізу. Тое, што яна выбрала менавіта гэтыя дзьверы, было невыпадкова – учэпістая памяць Сафіі даўно зафіксавала, што суседка зьнізу большую частку дня бавіць ля акна, уважліва сочачы за тым, што адбываецца ў двары. Да такіх людзей Сафія ставілася бяз злосьці, як да стыхійнага бедзтва, як да вар’ятаў, якіх колькі ні лячы, яны ўсё адно возьмуцца за сваё. За іх трэба быць вышэйшымі, ва ўсіх сэнсах, ім трэба помсьціць начамі, імітуючы бурлівыя оргіі, і па выходных, абстрэльваючы іх цяжкай артылерыяй нізкіх частотаў і выключаючы музыку роўна а палове на адзінаццатую, бо такія суседзі сьвята вераць, што «па законе шумець можна да дзесяці» і а палове на адзінаццатую выходзяць на пляцоўку, падымаюцца, задыхаючыся, цягнуць руку да званка – і тут бэн! – і музыка сьціхае, нібы й не было. Хто пасьля гэтага будзе скардзіцца. Пабурчаць – і ўніз. Яшчэ трошкі артабстрэлу, і зноў – бэн! А тады ўжо ўсё, цішыня, бо старых трэба шанаваць. Бэн. Чаму бэн? Можа, бэнц? Бамс? Сафія сама ня ведала, чаму ёй падумалася менавіта гэта: «бэн». Бэнам, калі яна вучылася ў школе, яе аднаклясьнікі чамусьці называлі чэлес. Пра што ўжо пра што, а пра Сіманенкаў чэлес Сафія зусім у гэты час ня думала. Не да таго. Можа, Вера і ўспамінае сваіх мужчын па іхных «бэнах», але ў Сафіі іншая праца. На дадзены момант – вынюхваць і аналізаваць. Сал! Які яшчэ сал? Нейкая ўнутраная дысьлексія ў яе ад усіх гэтых перажываньняў, вырашыла Сафія і націснула на званок.
«Ты ж Сафія, праўда? – спытала суседка, блізарука разглядваючы яе ў сутоньні пляцоўкі і тузаючы халат. – Я цябе й не пазнала, у чорным уся. Здарылася што?»
«У мяне муж прапаў», – сказала Сафія і зірнула суседцы проста ў вочы.
Зараз яна скажа: як прапаў? І рукамі плясьне.
«Як прапаў? – сказала суседка і пляснула рукамі. – Ты заходзь, праходзь на кухню, мы ж суседкі, вось і пасядзім па-суседзку… Даўно ўжо трэба было завітаць, пазнаёміцца… Зараз каньячку кульнём… Ты ідзі, ідзі, рыхтуйся», – яна падштурхнула падлетка ў майтках, які, ухмыляючыся, акурат выйшаў з прыбіральні, і выгнала яго зь цёмнага перадпакою. Сафія прайшла ў кухню, села.
Суседка адвярнулася да пліты, над якой навісала рудая кухонная шафа. – «Дык як прапаў? Расказвай, Зося».
«Пайшоў у нядзелю ў двор сьмецьце выкідваць і не вярнуўся, – сказала Сафія, кусаючы вусны. – Мо вы яго бачылі?»
«Ды што ж я, цэлымі днямі толькі і сяджу ды мужыкоў пільную? – сказала сьпіна, нэрвова засьмяяўшыся. – Што мне, Зосенька, заняцца няма чым?»
Сафія ласкава ўсьміхнулася сьпіне і закінула нагу на нагу. Падлетак, усё яшчэ ў майтках, прасьлізнуў у кухню, наліў сабе вады і стаў не сьпяшаючыся піць, зь цікавасьцю паглядваючы на Сафію. Суседка стукнула яго ў каршэнь, і ён, узвыўшы,