Шабаны. Гісторыя аднаго знікнення. Альгерд БахарэвiчЧитать онлайн книгу.
ўсход, падымаючыся з узгорку на ўзгорак, да ўпору. Пагатоў гэта быў шлях досыць добра асьветлены, і начны горад, які я так любіў, можна было разгледзець як сьлед. Я аблягчыўся, схаваўшыся за густым дрэвам – бо неяк не падумаў зрабіць гэтага, калі сыходзіў ад дзяўчыны; пачакаў, пакуль пройдзе зграя паўп’яных падлеткаў, што марудна рухалася з таго боку, дзе зьнік трамвай, і, напяваючы пад нос улюбёную песьню, пакрочыў туды, куды вялі рэйкі.
Ноч была незвычайная – а хіба можа быць звычайнай ноч, калі ты, дваццацігадовы бедны паэт, ідзеш па вялікім горадзе, вяртаючыся дадому ад сваёй дзяўчыны, зь якой дзьве гадзіны таму вы вытваралі на яе канапе немаведама што? Усё, што сустракалі на шляху мае прагныя вочы, падавалася напоўненым таемным сэнсам. Вадасьцёкавая труба, падобная да старога патэфона. Срэбная лужына. Зоркі, якія нехта, нібы задумаўшыся, перабіраў над тваёй галавой. Грузавік з надпісам «Людзі», які прагрукатаў міма. Каты, глухі сьмех у арках, куст, які пералазіў праз агароджу вайсковай часьці. Бялізна, якая пагойдвалася на бальконах, зачыненыя крамы. Ноч была такая, пасьля якой нішто ўжо ня можа застацца так, як раней. Ноч мэтамарфозаў і адкрыцьцяў, ноч успамінаў, ноч напярэдадні Шабаноў. Толькі дайшоўшы да скрыжаваньня Сурганава і Хмяльніцкага, дзе тады тырчэла знакамітая піўнуха, я ўсьвядоміў, колькі мне яшчэ трэба прайсьці. Шабаны падаліся недасяжнымі, нерэальнымі, няроднымі. Гэтае месца ня можа быць домам, паўтараў я, ідучы наперад, гэтае месца ня можа быць. Гэтае месца ня можа быць домам – словы цудоўна клаліся на рытм маіх крокаў. Гэтае месца ня можа быць. Яно занадта далёка – я хачу жыць тут, у Зялёным Лузе. Тут мне добра – а там цесна і трывожна. Чаму на мне, на нас ляжыць гэтае закляцьце – закляцьце Шабанамі? Адкуль яны наогул узяліся?
Гэткім самым пытаньнем я задаўся праз шмат гадоў, у зусім іншай краіне. І тады прыгадаў гэтую ноч, і гэтую дарогу, і гэты горад, які раптам зьявіўся перада мной ва ўсёй сваёй красе і жудасьці, зь яснасьцю апошняга сну, зь няўхільнасьцю пакараньня. І паспрабаваў адказаць прынамсі на першае сваё пытаньне. Дык адкуль яны ўзяліся?
Вёска, якая, перад тым, як сысьці ў нябыт, дала сваё імя новаму мікрараёну, насамрэч знаходзілася ад цяперашніх Шабаноў кілямэтры за тры на паўднёвы захад. Згодна з вайсковай мапай трыццатых гадоў, вёсачка гэтая ляжала сабе ціхамірна на правым беразе пакручастай, але вузкай і неглыбокай Сьвіслачы, на лугах, што суседнічалі з рэдкім, зусім не партызанскім узьлескам – па сваіх памерах і па значэньні яна саступала Вялікаму і Малому Трасьцянцам, што месьціліся непадалёку, разрэзаныя шырокай шашой. Тут яшчэ рыпелі калодзежы і рыкалі каровы, тут яшчэ гналі брагу і зьбіралі бульбу, зьдзіўляючыся летнім надвячоркам, куды падзеліся ўсе цені і чаму ў вёсцы не засталося ніводнай мышы і ніводнай птушкі, а ў Менску ўжо быў падпісаны плян барбароса. Шабаны былі асуджаныя, ад іх мусіла застацца толькі імя – убогі помнік некалі жывому паселішчу.
На месцы вёскі цяпер станцыя аэрацыі. Аэрацыя замест