Неруш. Віктар КазькоЧитать онлайн книгу.
есці, узімку ж замаўкала на печы зусім. Ненене і рада была б прыгарнуцца да дачкі, прыціснуць яе да сябе, папесціць, палашчыць, але калі тое было песціць і лашчыць. Часу і то не заўсёды хапала толькі на тое, каб падумаць пра ласку, адчуць яе ў сабе, а далей усё памірала ў ёй, мярцвела, яна душыла пяшчоту, таму што блізка-блізка былі слёзы: вочы натыкаліся на гэтыя слядкі дзіцячага цела па вільготным спрасаваным пяску. Дзве ўпадзінкі ад дзіцячых гладкіх палоек, дзве зморшчынкі ад ног-стручкоў, збоку слядкі пальцаў, кіпцюрыкаў-скрабушак і цёплая, зацярушаная пяском галоўка дачкі ў яе далонях. I цёплае дакорлівае сонца пад дачкой і маці.
Ні на кога не наракала, нікога не кляла – так жылі ўсе. Так раслі ўсе – што гарох пры дарозе, хто ні ідзе, той і ўшчыпне. Неўпрыкметку падымаліся на ногі, атрасаліся ад пяску, адмываліся ад лета, ад дзяцінства, бралі торбачку і па жоўтым лісці, пажухлых травах, скрозь паветра, горкае ад дыму запаленага бульбоўніку, спяшаліся да школы, да вучобы, да працы. Неўпрыкметку рабіліся дарослымі ці ўпоравень з дарослымі. Рукамі, што былі яшчэ ў чарніле, бралі лён, сушылі, мачылі яго, калі ўжо прыпадалі халады, калі лёд ужо прыкіпаў да берага, у Вясковым возеры. Ох, лён той, лён, у песнях толькі пра яго хораша: «На гары лён, на гары лён, белы кужаль…» А даставаўся ён… Вясковае пры беразе – што шкло. А ты босая на гэтым лёдзе, спадніцу падаткнеш, каб было потым чым ногі абсушыць, выцерці. А дачка каля цябе, памочніца. Выпадала нейчым дзецям, якія пры бацьках, выпадала і шчасце, дабіваліся даведак, пакідалі вёску, беглі ў горад, выходзілі ў людзі, прытыкаліся рабіць ці то на чыгунцы, на пуцях, ці то на якой будоўлі. Сваёй дачцэ яна таксама выплакала даведку. Праз гэтую даведку яна і на той свет пайшла. Ох, недарэмна гавораць: у багатага сам чорт дзяцей калыша, а беднаму…
Непрыкметна вырасла дачка, непрыкметна і пакінула яе, нечакана, як і мужык. З'ехала ў горад, на вучобу. Навучылася. Горад звёў у сырую зямельку. Знайшоўся там чалавек, ваенны, афіцэр. Пакарыстаўся і пакінуў, ды не адну. З гора, у роспачы і налажыла яна на сябе рукі. Вось з таго часу, ноччу, упершыню Ненене і пачала сваю гутарку з тым, каго ўжо даўно не было. Усё за долю сваю спаўна выказала. I ўцягнулася плакацца і жаліцца. Жыць ёй стала крышку лягчэй. З яго дапамогай зусім не цяжка было ёй адмовіцца і ад дапамогі «братоў і сясцёр-баптыстаў». Яны ўжо зусім былі. пратапталі сцежку да яе хаты, ледзь-ледзь змеркнецца – пад рукі і да сябе, на маленні. Добрыя людзі, нічога не скажаш, памяркоўныя, і прыбрана ўсё ў іх, і прэсвітэр адукаваны, памяркоўны. Яны ўжо ёй і па гаспадарцы дапамагаць пачалі, прыйшлі плот ставіць. I мо паставілі б, выгарадзілі яе. Але тут дзядок, адзін з братоў, не так ужо каб і зусім дзядок, ад маленняў сваіх хутчэй састарэў, узяўся расказваць Ненене соп свой. Нібыта сасніў ён, як ад яго хаты да хаты Ненене перакінулася: пітка, пітка ад брата да сястры. I пачаў ён тую нітку цягнуць, але выцягнуў чамусьці не яе, Ненене, а мужыка.
– Якім жа з сябе той мужык быў? – спытала Ненене дзядка.
– А нікуды мужык, – хітра ўсміхнуўся дзядок. –