Забойца анёла (зборнік). Вінцэсь МудроўЧитать онлайн книгу.
Цягнуць крыж дварамі, па ўтравелых сцяжынах, не выпадае, таму шыбуем напрасткі, па асфальтавым ходніку.
Нябачная ў цемры варона – ці не тая, што пужала нас на могілках, ляціць над нашымі галовамі, картава гарлае, і нейкая цётухна ў чорным палітоне, якая шыбуе насустрач, адскоквае ўбок і хрысціцца.
Цягнем крыж за будынак школьнай спартзалы, ставім старчма, збіраемся перавесці дух, ды тут надараецца неверагоднае: з задніх дзвярэй спартзалы, што заўсёды стаяць замкнёныя, выходзіць русічка Марковіч. Пакуль яна папраўляе валасы на галаве і абівае спадніцу, мы ціхенька, каб не нарабіць груку, кладзем крыж на асфальт, мерымся сігануць у кусты – і чуем зычны голас:
– Зыль! Каролік!
Следам за русічкай з дзвярэй – асцярожнай ступою і азіраючыся – выходзіць настаўнік фізкультуры Міхал Карпавіч.
– А што ж гэта робіцца?! – не сваім голасам войкае русічка. – Міша… э-ээ… Міхал Карпавіч. Зірні на сваіх выхаванцаў! Вывернулі з магілы крыж і цягнуць у школу! Зараз жа цягніце назад!
– Нінэль Іванаўна, можна крыху цішэй? – Выцершы насоўкай упацелы лоб, Міхал Карпавіч ідзе да нас, падхоплівае крыж, цягне да бліжэйшых кустоў. – Адзін прыперлі ці некалькі?
– Адзін! – выдыхаем мы з Мішкам і разам паглядаем спадылба на русічку. Тая таксама злёгку ўпацелая, і ў валасы ўбіўся кавалак шэрай ваты. Няйначай, кулялася на ліхенькіх школьных матах.
– Так… заўтра а восьмай гадзіне чакаю вас ля дырэктарскага кабінета, – русічка змахвае вату з валасоў.
– Ды хлопцы металалом збіраюць. Ну, крыху перастараліся. Ці варта шум уздымаць?..
– Міхал Карпавіч… я вас папрашу, – перарывае калегу русічка, а Мішка Зыль, шморгнуўшы носам, заўважае: – Мы ў другую змену вучымся.
– Паўтараю: а восьмай гадзіне прыйсці да дырэктара! Русічка рашуча паварочваецца, цокае па асфальце туфлямі-лодачкамі. Міхал Карпавіч яшчэ імгненне стаіць нерухома, а потым, пацёршы няголеную шчаку, нясмелым крокам рушыць следам.
Наступнай раніцы мы стаім з Мішкам насупраць дырэктарскага кабінета: глядзім на падлогу, стоена ўздыхаем.
– Што, салагі, дастукаліся? – гукаюць хлопцы-старшакласнікі, якія гаманкой чарадой праходзяць міма.
А восьмай гадзіне гучыць званок, і няўцямны гул ды лямант, якімі поўняцца калідоры, паволі аціхаюць. Дзесьці на доле яшчэ тупаюць, голасна смяюцца, потым бразгаюць дзвярыма, і ўсё змаўкае.
Я апускаюся на калені, прыпадаю вухам да замочнай шчыліны. Чутны толькі асобныя фразы.
– Наталля Леанідаўна, я сапраўды заклікала збіраць металалом. Але ж пры гэтым не заклікала выкарчоўваць крыжы з магілаў, – сакоча Чыпаліна.
На лесвіцы чуюцца нечыя крокі, і мы адскокваем ад дзвярэй. Па калідоры, спінай да нас, тупае школьная прыбіральшчыца з вядром і швабрай у руках, і я ізноў прыпадаю да шчыліны.
Гэтым разам прамаўляе дырэктарка:
– Думаю, у гэтым ёсць і наша віна. Бо мы, педагогі, не прышчапілі вучням… – чаго там нам не прышчапілі, я не дачуўся: Мішка адцягнуў мяне ад дзвярной шчыліны