Забойца анёла (зборнік). Вінцэсь МудроўЧитать онлайн книгу.
газеты.
– А ты сам хоць чуў?
– Ды ў мяне, каб ты ведала, дома кружэлка ёсць, – я піхаю газету ў партфель, падымаюся на ногі.
– Дай паслухаць! – Галка таксама падхопліваецца, бліскае раскосымі вачыма.
– Не магу… братава.
Ужо на калідоры чую зычны Галчын воклік:
– Усё, Лёнік, скончыліся твае перапісоны. Такая заява прымушае спыніцца.
– Ладна, – выдыхаю я, перахапіўшы Галку ў дзвярах. – Прынясу для пачатку капэрту з фотаздымкам.
Звініць званок. Па калідоры, узняўшы над галавой разгорнутую мапу Рымскай імперыі, бяжыць Мішка Зыль. Наступны ўрок у нас – гісторыя.
Артыкул пра бітлоў прачытала палова класа. Нават газету пакамячылі. Уяўляю, што што будзе з Юркам, калі ён прачытае такое. І вось, вярнуўшыся са школы, ад парога крычу брату:
– У газеце пра «Бітлз» напісалі!
Юрка выхоплівае з маіх рук «Літаратурку», перагортвае старонкі, а я іду на кухню, ляпаю створкамі кухоннай шафкі і, не знайшоўшы нічога спажыўнага, цягну са слоіка маласольны гурок.
– Не, якую лухту пішуць! – абураецца за сценкай братан. – «Давядзецца жабраваць па шынках…» І хто піша: Мікіта Багаслоўскі! «Як на шахце вугальнай х… знайшлі адрублены». Ды гэты ёлупень іх ніколі не чуў!
Я задаволена пасміхаюся, надкусваю гурок і йду да серванта. Капэрта з «Бітламі», на шчасце, стаіць на сваім месцы. Да свайго сораму, з усіх чатырох музыкаў ведаю толькі двух. Імёны ў іх мудрагелістыя, нават не ведаю – ці правільна прамаўляю. Вось гэтага, што скраю, завуць Джоленан, а вунь таго, напалову прыхаванага вялізным бубнам, – Рынгастар. Перад Галкай трэба бліснуць дасведчанасцю.
– Слу… хай, – бубню, тыцкаючы пальцам у шкло, – а як завуць вось гэтага, з гітарай-скрыпкай?
– Пражуй, – незадаволена адзываецца братан. Юрка нервовымі рукамі складвае газету ў столку, падаецца ў калідор і, ужо адчыніўшы дзверы, крычыць:
– Поль Макартны!
Братан пабег да сябра – фотамастака, што жыве ў суседнім пад’ездзе. Трымайся, Мікіта Багаслоўскі! Зараз табе Юрка з фатографам дадуць дыхту!
Каб не забыцца, выцягваю з партфеля падручнік расейскай мовы і на адваротным баку вокладкі запісваю прозвішчы бітлоў: Джоленан, Рынгастар, Поль Макартны. Трэба будзе спытацца, як завуць чацвёртага, які стаіць паміж Джоленанам і Макартным. Ён мне, дарэчы, найбольш падабаецца. Вырасту, абавязкова пашыю сабе такія ж скураныя порткі, як у таго, чацвёртага, і адгадую такія ж даўгія валасы.
На першы ўрок, на ненавісную мне расейскую мову, мы з Мішкам, як заўсёды, познімся. Марковіч ужо і дзверы адчыніла, а тут мы бяжым па калідоры. Русічка, з грымасай на твары, запускае нас у клас, з грукатам зачыняе дзверы.
Саджуся за парту, спрабую перавесці дых.
– Ну як, прынёс? – шэпча суседка. Моўчкі ківаю галавой.
– Так… усе прыйшлі, хворых няма? – пытаецца русічка, штосьці пазначаючы ў класным журнале.
Я лезу ў партфель, цягну капэрту за ражок, і тая, выслізнуўшы з рукі, падае на падлогу. Прыціскаю капэрту нагой.
– Каролік,