Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Людміла РублеўскаяЧитать онлайн книгу.
свету жонку пінскага войскага і падстаростага Мікалая Ельскага. Адкапала на могілках чалавечую костку, жалезныя цвікі ад труны і трохі пяску і загадала сваёй пляменніцы Сазонаўне, якая прыслужвала ў жонкі Ельскага, тры разы паскрэбці костку, змяшаць з пяском і ўсыпаць ва ўлюбёны ранішні напой пані, а менавіта цёплае піва з маслам. А костку з цвікамі і пяском пакласці, абысці тры разы супраць сонца са словамі: "Як тая косць мёртва, як тая косць анямела, так і пані маёй няхай то будзе". Самае цікавае, што праклён павінен быў здзейсніцца толькі на чацвёртым годзе. Жонка вознага памерла, і чарадзейства выявілася.
– Як? – зацікавіўся Пранціш.
– А ліха яго ведае, – меланхалічна прамовіў Лёднік, падняўшы вочы ад кнігі. – Каму што памсцілася… Але дзяўчыну Сазонаўну тут жа аддалі на катаванні, яна і прызналася. Ну і цётку ейную арыштавалі. Нават Галоўны трыбунал, куды пінскі возны звярнуўся, не дапамог. Так што механізм просты, – Лёднік глядзеў, як сын зацята перастаўляе мізэрных жаўнерыкаў з волава, змушаючы іх забіваць адно аднаго, у выніку нехта з небаракаў з грукатам падаў на падлогу. – Памірае любы з пацыентаў Саламеі… На ягоным целе, вопратцы ці ў доме таксама знаходзяць прыкметы чараўніцтва. Драпіну, латку, іржавы цвік, гнілы арэх… Вінаватая вядзьмарка! І – на катаванні яе… – Лёднік рэзка закрыў кнігу. Аж пыл ад жоўтых старонак пайшоў. – Помніш, як на млыне пазнаёміліся з дзяўчынай-зельніцай Саклетай, якую ўсё наваколле сабралася забіваць? Сверб, маўляў, на вёску наслала! А ў яе толькі і былі зёлкі ды кніга па фармацэўтыцы ад маці. Я – мужчына, доктар, маю ўніверсітэцкі дыплом, сябар навуковых таварыстваў, прафесар акадэміі… Я магу быць блюзнерам, а не ведзьмаком, але многія падазраюць мяне і ў першым, і ў другім. Так, Саламея хадзіла слухаць лекцыі ў полацкім калегіюме, але гэта толькі пацверджвае ейнае “вядзьмарства”.
– Слухай, ты мяне пераконваеш ці сябе, што маеш рацыю, калі забараняеш Саламеі лекаваць? – сярдзіта спытаўся Пранціш. Лёднік памаўчаў, апусціўшы вочы.
– І тое, і другое, пан Вырвіч…
Маленькі Алесь пачаў выкарыстоўваць для баявых дзеянняў сваёй алавяннай арміі вялізную кнігу, што ляжала на таткавых каленях, і суровы доктар намагаўся не варушыцца, каб цацачнае войска не пападала. І Пранціш падумаў, што Лёднік дорага заплаціў за бяспеку ўсіх сваіх бліжніх, кожнага з якіх мог страціць назаўсёды. Таму й трасецца, каб з імі зноў чаго не здарылася.
– Ведаеш, мяне таксама ў палку чарнакніжнікам лічаць, – горка пасмінуўшыся, прызнаўся Пранціш. – Не напіваюся, кніжкі чытаю…
– З вядомым чарадзеем Лёднікам таварышуеш, – сцвердзіў доктар. Алесь падняў зацікаўлены пагляд на бацьку:
– Пане-бацька, а ты чарадзей?
Лёднік пагладзіў хлопчыка па галаве.
– Я – вучоны. Толькі невукі вераць у чарадзейства, запомні, сын. Ты яшчэ пабачыш, як навука зменіць свет!
Уздыхнуў, як апошняга каня прадаўшы.
– Хаця ці зменіць яна яго да лепшага – гэта яшчэ вялікае пытанне.
Саламея вярнулася з вінавата апушчанымі