Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча. Людміла РублеўскаяЧитать онлайн книгу.
амаль нічога з гэтага не з’ядаў – прынюхваўся вострым носам, прыцмокваючы тонкімі бледнымі вуснамі, прагна паглядаў запалымі вачыма, клаў у рот мізэрныя кавалачкі… Жаваў, прыжмурыўшыся ад насалоды. А потым выплёўваў на спецыяльна падстаўлены лёкаем срэбны паднос. Драгуну Пранцішу Вырвічу, які аніяк не чакаў падобнага гасцявання, ад такога відовішча і насцярогі таксама кавалак у рот не лез. Суддзя, заўважыўшы неўразумелыя позіркі драгуна, патлумачыў:
– Ах, вашамосць пан Вырвіч, на жаль, жаданні чалавечыя пераўзыходзяць магчымасці чалавечага арганізма, адпушчаныя нам Госпадам і занепадаючыя за нашыя грахі. Быў час, калі я пагарджаў добрай шляхецкай ежай, і, выконваючы свой абавязак перад ягонай мосцю князем Радзівілам і Айчынай, паспяваў за дзень толькі ўкусіць сухой булкі… Колькі ж я ўпусціў простых радасцяў жыцця, ахвяруючыся дзеля вышэйшых ідэалаў! Certum est omnia licere pro рatria! (Належыць ахвяраваць усім дзеля радзімы – лац.)
Пан Юдыцкі закаціў вочы ўгару, як касцёльная дэвотка, і пачапіў на двузубы відэлец чарговы далікатэс. Пранціш успомніў, як Юдыцкі шчыраваў “дзеля вышэйшых ідэалаў”, калі хацеў употай прадаць “ведзьмака” Лёдніка князю Гераніму Радзівілу на пакуты.
– А потым надыйшоў час, – працягваў гаспадар, – калі нават самую простую і лёгкую ежу мой страўнік перастаў прымаць, і думаў я ўжо, што аддам у вогненнае мора залатыя ключыкі… Дай Бог здароўя шаноўнаму доктару пану Лёдніку, вашаму вучонаму сябру, – Юдыцкі злёгку пакланіўся Пранцішу. – Адратаваў мяне… Але ж прапісаў спецыяльную дыету! А як толькі мы чагосьці пазбаўляемся – тут і пачынаем прагна гэтага жадаць, грэшнікі… – скрушліва прамовіў суддзя і адправіў у рот кавалачак смажанага вожыка. – Таму й вырашыў я, не губячы здароўя дзеля чэраваўгодніцтва, усё-ткі спазнаць высакароднае мастацтва шляхецкай ежы. А якія радасці яшчэ ў жыцці ў мяне, хворага, страціўшага Фартуну, засталіся, дарагі пан Вырвіч!
Юдыцкі мройна пажаваў кавалак і выплюнуў на паднос. Ага, калі не маніць наконт апошняй радасці – значыць, мужчынскую сілу Лёднік пану суддзі ўсё-ткі не вярнуў, зласліва падумалася Пранцішу. На здаровага чалавека суддзя не выглядаў: худы, зжаўцелы… Але не сказаць, каб кволы, а ўжо хітручы які! Нібыта сапраўды патрапіўся яму ласось, які з’еў чароўны арэх. Чаго гэтак абхаджвае маладога драгуна, як бы сам Радзівіл у дом завітаў, робячы выгляд, што забыўся на колішнюю варожасць? Пранціш больш за ўсё на свеце хацеў апынуцца падалей ад гэтага шыкоўна накрытага стала і запляванага перажаваным смакоццем срэбнага падносу.
– Ах, як шкада мне сённяшніх маладых людзей, адважных і кемных, якія не маюць яснай мэты і слаўнай кар’еры на полі бойкі! – амаль са шчырай скрухай завёў Юдыцкі. – Якіх магчымасцяў яны пазбавіліся, калі лепшыя сілы краіны апынуліся ў выгнанні!
Словы суправаджаў востры позірк, які правяраў паводзіны драгуна на гэтае прызнанне. Вырвіч надаў сваім блакітным вачам самы шчыры, наіўны выраз – як перад прафесарам на лекцыі, да якой не падрыхтаваўся. Суддзя вычыкаў трохі, але