Берлінская мазаіка. Алесь ТарановічЧитать онлайн книгу.
з любiмым чалавекам, з сябрамi, з прыродай, з Богам… Каб стук твайго сэрца ўліўся ў агульную партытуру краiны, народа, горада…
Што такое душа горада?
Яна жыве сама па сабе. На яе не паўплывалі ні Фрыдрых, ні Гітлер, ні Хонеккер. У Берліна добрая душа. Таму ў Берліне добрыя людзі, добрыя машыны, добрыя сабакі. Чаму я так лічу? Таму што ўмею па раўноўваць і таксама працую над габеленам Берліна, у якім перапляліся мінулае, сапраўднае і будучыня. Горад гэты ўжыўся ў мяне без канфліктна, не патрабуючы ні выбару, ні перавагі. Ён першым прыняў мяне ў гэтым новым жыцці. Увабраў у сябе мары, якія не спраўдзіліся, з якімі я прыехаў, замяніў іх рэальнасцю, якая стала маім дзіўным жыццём…
Няма больш краіны пад назвай Прусія, няма імперскай сталіцы, якая стагоддзямі выношвала мілітарысцкія планы. Няма глебы для з'яўлення новых Блюхераў, Бiсмаркаў, Гiндэнбургаў, Гітлераў. А Берлін ёсць. А той самы берлінец ёсць. І размаўляе ён на тым самым берлінскім дыялекце, любiць сядзець у тых самых кнайпах, наладжваць дэманстрацыі і рэвалюцыі і любіць сваю берлінскую кухню.
Я спыняю ўсе гадзіннікі ў гэтым горадзе, прагна чапляюся за яго рукамі і выціскаю ўсю інфармацыю, да апошняй кроплі, лаўлю кожную навіну, гук, пах, сустрэчу…
Я бачу, як над шэрым попелам у блакiтнай безданi зiхацiць ягоная зорка.
Мне засталося паставiць толькi свой Unterschrift (подпiс).
Берлін – Fоrеver!
Погляд на Берлiн з Крыжовай гары
Вялікі бэзавы месяц прыматкабожыўся ля краю каменнага коміну.
Куды ні кінеш позірк, паўсюль дахі, дахі, дахі… І толькі спічастыя кірхі вылазяць, нібыта шылы з меху…
Я ўсадзіў сваё ўяўленне на дах, густа парослы экзатычнымі флянцамі, і слухаю музыку начнога гораду. Ноч падае на зямлю зорнай мапай, летаргія скавала горад, здранцвенне павісла сярод бетонных скалаў. Натыкаючыся на сонныя ліпы, блукаюць россыпы жаночага смеху… Тут паветра мае смак, а гук – гушчыню. Суседнія тэрасы густа пакрыты елачкамі гашышу, і самотная варона завісла над імі ў шкляным паветры.
Ціха струменіць час над дахамі, незаўважна пракручваюцца гадзіны ночы, зоркі сцякаюць вільгаццю… Паціху фантазіі канвертуюцца ў фізіялогію, і ўсё гэта становіцца Кройцбергам…
Нехта скажа пра Кройцберг, што гэта каменны мех у цэнтры Берліна, што тут цэнтр нямецкага культурнага і палітычнага андэграўнду, што Кройцберг – гэта сталіца туркаў у Нямеччыне, прытулак бамжоў і абдахлёсаў, што гэта гняздо фемінізму. І ўсе яны будуць мець рацыю. Кройцберг – гэта сапраўды ўнікальнае месца. Увогуле і ў прыватнасці.
Хто толькі ні жыве ў «чорным» Кройцбергу!
Туркі, грэкі, югаславы, палякі, пуэртарыканцы і перуанцы, манголы і кітайцы, арабы, маўры і іншыя афрыканцы; карацей, большасць з 440 тысяч аўслэндэраў, што насяляюць Берлін. Але не беларусы. Беларусы аддаюць перавагу Шонэбергу, Штэгліцу, Маабіту, у горшым выпадку «беламу» Кройцбергу.
Але не ў «чорным».
Верагодна, я адзіны беларус, які жыве на вуліцы з прыгожай славянскай назвай «Горліца». Месяцамі не чую тут рускай мовы. Толькі аднойчы