Знак Вялікага магістра. Вольга ІпатаваЧитать онлайн книгу.
беспрытомны. Ацалелыя воі памяталі, як адважна біўся ён з ворагам у складзе Лідскай харугвы, таму новы гаспадар і дзяржаўца лідскіх земляў Вайдыла ўзяў яго ў ахову, і Гердзень стаў жыць звычайным жыццём мясцовае шляхты.
Але была ў яго свая таямніца: час ад часу яны, ягоныя новыя гаспадары, пасылалі да яго патрэбнага чалавека альбо і з’яўляліся самі, нібы выпаўзалі з вантробаў цмока, і ён паслухмяна рабіў усё, што яны загадвалі. Часам падсцерагаў чалавека, на якога ўказвалі, і, перарэзаўшы горла, адбіраў пасланне і перадаваў іншаму, часам сам пасылаў вестку, падслуханую ў замку: куды паехала гаспадыня Марыя, што пісаў ёй брат Ягайла. Апошні раз паведаміў у Гасцілаўскую карчму, што з Ліды ў Кракаў рыхтуецца пасылка з багатымі дарамі. І заўсёды атрымліваў за гэта што-небудзь: дукат ці сувой дарагой тканіны з нарабаванага, ці боты, ці – аднойчы – нават добрае сядло, якое тут жа, як і ўсё іншае, спусціў на Новагародскім кірмашы, каб не пазнаў хто тое сядло за сваё і не пацягнулася да яго якая нітачка.
…Цяпер ён, аддаўшы бясцэнны куфэрак крыжакам, таксама чакаў узнагароды. Яна і была абяцаная яму, але толькі тады, калі знішчыць адзінага сведку, які здолеў уцячы. Гердзень разумеў, што ў адваротным выпадку заб’юць як сабаку яго самога, нягледзячы на тое, што ён не раз ужо перадаваў Ордэну каштоўныя звесткі і мог прыдацца яшчэ.
Ды зараз Гердзень мусіў выкручвацца і таму, напружыўшы ўсе свае намаганні, прыдумаў, як яму даказаць, што знайшоў і забіў непажаданага сведку. І, заплюшчыўшы вочы ад моцнага пітва, чакаючы пасланага, узгадваў, як, не спадзеючыся знайсці Данілу ў гэтым бясконцым лесе, зрабіў прасцей: засеў у засадзе, не даязджаючы вярсты з чатыры да Гасцілаўцаў. І яму пашанцавала: нейкі адзінокі малойчык, гарцуючы на кані і прыпяваючы, ехаў наперад, нават не азіраючыся па баках. Накінуць яму на шыю пятлю, сцягнуць з каня і адправіць да дзядоў, праткнуўшы тонкім кінжалам, было справай некалькіх хвілінаў. Ён распрануў малойчыка да нагавіц, разбіў яму твар аб корч. Тыя, хто будзе аглядаць нябожчыка, могуць – не, павінны! – прыняць яго за Данілу, якога яны бачылі здаля, дый і то ня надта выразна. Мёртвы ж чалавек выглядае зусім не так, як жывы. Калі яму ўдасца пераканаць у гэтым пасланцоў, тады… Не, ён не будзе больш рызыкаваць. З-за гэтага куфра тут падымуць усю Лідчыну, і ён загадзя рашыў, што тут болей не застанецца. А заплачаныя зараз грошы, разам з тымі, што ўжо сабраў, дадуць яму магчымасць нарэшце знікнуць адсюль, зашыцца ў Польшчы дзе-небудзь у такой вось карчомцы і зажыць гаспадаром. Ён знікне назаўсёды з вачэй і крыжакоў, і лідчукоў. Асабліва ж лідчукоў, якім, вядома, данясе пра яго гэты ацалелы ад мяча недаростак, якому так паспрыялі вышэйшыя сілы. Можа, хлопец і не выжыў? Калі жывы, то праз два-тры дні будзе ўжо ўсё роўна: ён, Гердзень, атрымае свае грошы і ўцячэ. Радні ў Лідзе ў яго не засталося, апроч жонкі, да якой некалі прыстаў у прымы. Сарваўшыся адсюль, ён выйграе, бо пазбавіцца старой жонкі, якая не дала яму нашчадкаў. У яго яшчэ будуць дзеці, і не меней чатырох!
Толькі б дачакацца пасланца крыжакоў, які прызначыў сустрэчу менавіта тут, і прывесці да знявечанага трупа