Леаніды не вернуцца да Зямлі. Уладзімір КараткевічЧитать онлайн книгу.
над празрыстымі азёрамі Леаніды, гінулі тысячамі, знікаючы ў пахмурых асенніх лясах.
I, гледзячы на іх праз замглёныя слязьмі веі, Гораў думаў: «Так і мы гінем тысячамі, і невядома, ці з’явяцца нашы браты, ці з’явімся мы самі на зямлі яшчэ раз… Леаніды! Сэрца жа дае вас. Хоць вачыма далёкіх нашчадкаў дайце глянуць яшчэ раз на зорны дождж».
Тысячамі зялёных ніцей праляталі над зямлёю і знікалі ў цемры зоркі.
Гінулі Леаніды.
Раздзел І
Леаніды не вярнуліся. Астраномы тлумачылі гэта тым, што Юпітэр і Сатурн адцягнулі ўбок іхнюю арбіту. Ва ўсякім разе ў лістападзе 1899 года халодны, фосфарна-зялёны дождж не падаў на забытыя балоціны і лясы. Ноч была звычайнай глухой ноччу позняй восені, а ў паэтаў адабралі яшчэ адну прыгожую легенду.
Леаніды здрадзілі нашай зямлі.
Урэшце, акрамя паэтаў, ніхто занадта не засмуціўся гэтым. На зямлі хапала свайго болю і сваіх клопатаў.
Пячатка стагоддзя ляжала на ўсім, і гэта было жорсткае стагоддзе.
Завея хавала пад гурбамі гарбатыя палескія хаты і хаўтурыла над імі. Замець белымі змеямі бегла па каменных плошчах Пецярбурга, паўзла ў стылую арку генеральнага штаба і бяссільна разбівалася аб падножжа Зімняга палаца. I з вялізнага люстранага акна глядзелі на яе лупатыя, са строгай слязой вочы чалавека. Глядзелі на замець, на халодны граніт, што скаваў увесь горад, і далей, на ўсю няўтульную зямлю, што ляжала ля яго ног.
Горад-сфінкс бязрадасна смактаў з зямлі жыццё, а чалавек быў сэрцам гэтага сфінкса.
I ўсё гэта было падобна на трызненне. У чалавека ўжо аднойчы стралялі ля агароджы Летняга саду, чалавеку сніліся прывіды, якія хочуць яго смерці. I тады зноў быў выкліканы кат Беларусі і Літвы, каб звіць вяроўку на таго, хто страляў. Потым памёр і кат, – і яго падла, распухлае ад вадзянкі, падла, якое кішэла робакамі, закапалі ў зямлю: ён не заслужыў ад удзячнай бацькаўшчыны нават бальзамацыі.
Усё менш ставала верных людзей. Апошняю надзеяй, як мара, блішчаў за ракою шпіль Петрапаўлаўкі. Туды, у гэтыя муры, ён хацеў бы пахаваць усю Расію. I людзей выводзілі з брамы пад покрывам цемры, садзілі ў чаўны і страчвалі на востраве Галадай.
Турма была надзейнай. Адтуль за дзвесце год не ўцёк нiхто. Чалавек, якога маглі б паважаць за вызваленне сялян, хаваўся цяпер ад уласнага народа. І ўсе на словах схіляліся перад ім, а ў сэрцы – ненавідзелі.
А потым выбух з Екацярынінскага канала скалануў ужо і зямлю. I забойцы, арыстакратка з горкім і прыгожым ротам, сын селяніна і паповіч, былі «павешаныя за шыю, пакуль не памёрлі».
Дзяржаўны калейдаскоп мільгаў далей. Хваля ўдачы ўсплёсквала на вяршыню людзей-прывідаў, галоўным заняткам для якіх было – не быць людзьмі. Над краем у дымна-чырвоных хмарах выплываў то пергаментна-жоўты твар Пабеданосцава, то халодна-пагардлівае цьмянае аблічча Плеве.
Была і другая Расія, але яе забівалі ці аддавалі анафеме. Страты. Страты. Страты. Тысячы шыбеніц. Безвыходная Сібір. Загубленыя пакаленні з рабскай душой. Мноства асведаміцеляў-энтузіястаў.