Вазьмі сваю свяцільню. Группа авторовЧитать онлайн книгу.
ў рэдакцыю камянецкай раённай газеты «Навіны Камянеччыны» (Брэсцкая вобласць), дзе сёння займае пасаду адказнага сакратара. З 2019 г. па сумяшчальніцтве працуе інструктарам па прапагандзе беларускай літаратуры ў Брэсцкім абласным аддзяленні Саюза пісьменнікаў Беларусі і вядзе заняткі літаратурнага гуртка для школьнікаў пры рэдакцыі «Навін Камянеччыны».
Першая кніга вершаў – «Магдэбургскае права маёй душы» – выйшла ў 2013 г. За гэты зборнік пісьменніца адзначана літаратурнай прэміяй імя Уладзіміра Калесніка Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта. Друкавалася таксама ў калектыўных зборніках «Берасцейская скарбніца», «Сила слабости», «ЛітАўра», «Кахаць і верыць», «Скажы, што кахаю», «Размова з люстэркам».
Апавяданне «Вазьмі сваю свяцільню…» пра тое, што святло існуе – незалежна ад таго, верым мы ў яго ці не. І кожны з нас мусіць ісці да святла самай цяжкай дарогай і весці да яго іншых. Каб у канцы шляху зразумець, што святло… УНУТРЫ нас саміх.
Пра тое, што ва ўсіх ёсць свае шрамы і трэшчыны, ці заўважныя з першага позірку, ці схаваныя недзе ў глыбіні. І кожны з нас хоць раз у жыцці быў «дзяўчынкай з вадкага шкла», якая ўвечары рассыпаецца на трыльён асколкаў, а раніцай паўстае з іх ізноў.
Яшчэ пра тое, што прыгажосць – гэта зусім не вонкавае. І ўбачыць яе, сапраўдную прыгажосць чалавека, магчыма, толькі дакрануўшыся да яго душы.
І пра тое, што кожны можа аднойчы адрынуць цемру, узяць сваю свяцільню і пайсці. Праз вецер і снег, слату і дождж, праз пякельную спёку… Пайсці туды, дзе чакаюць дапамогі. Туды, дзе зняверыліся, што СВЯТЛО ЁСЦЬ. Туды, дзе балюча да такой ступені, што святло адступае ў самыя нетры душы.
Нарэшце, пра тое, як лёгка адгарадзіцца дзвярамі ад усяго, што прынесла боль, і як складана потым адамкнуць іх, каб упусціць хаця б адзін прамень даравання.
Магчыма, шаноўны чытач знойдзе ў творы і іншыя сэнсы…
Казка «Анёл, які ледзь не застаўся без крылаў» нарадзілася дзякуючы анёлку, якога аўтарка вязала кручком, каб павесіць на навагоднюю ёлку. Разам з клубком белых нітак раскручваўся і сюжэт… У выніку атрымалася казка пра тое, што, толькі аддаўшы самае дарагое, можна стаць сапраўдным анёлам-ахоўнікам для тых, каго любіш усёй душой. А аддадзенае табою зусім нечакана вернецца падвоеным.
Галоўныя героі апавядання «Ноч, калі цвіце бяссмертнік» аднойчы прысніліся пісьменніцы. У сне ў іх былі імёны, была завязка сюжэта. Заставалася толькі ўхапіць нітачку і выткаць аповед… Так з’явілася на свет метафарычная, абагульненая, сімвалічная гісторыя пра тое, што ў герояў Вялікай Айчыннай вайны наперадзе толькі бяссмерце.
Апавяданне «На чорных крылах цягнікоў начных» дае нам зразумець, што перамога над сваім крыўдзіцелем пачынаецца з перамогі над сабой, у прыватнасці над уласным страхам. У гэты момант душа выпроствае крылы, няхай чорныя, няхай абадраныя, – ЖЫВЫЯ…
Вазьмі сваю свяцільню…
– Яна нібыта з мінулага! – голас Ірыны дрыжаў ад захаплення. – У гэтай белай як снег бальнай сукенцы, цяжкім, цёмным плашчы і са свяцільняй у руцэ, за шклом якой гарыць сапраўдная свечка.