Вазьмі сваю свяцільню. Группа авторовЧитать онлайн книгу.
сябе. Хоць гэтая гісторыя і завяршылася даволі мірна, але Міша Курачкін засвоіў урок добра. Калі гуляў з Машай на вуліцы, уся яго ўвага была скіраваная толькі на жонку.
Аднойчы Маша папрасіла Курачкіна схадзіць у краму па любімую памаду, якая да таго ж была на акцыі.
– Я хутка, – адказаў наш герой. – Тут жа кароткім шляхам хвілін дзесяць пехатою.
Каб лягчэй было растлумачыць прадаўцам, што яму менавіта трэба, малады муж узяў жончыну памаду і паклаў яе ў кішэню.
Каля суседняга дома Курачкіна сустрэў даўні сябар.
– А я толькі цябе ўзгадваў, – шчыра прызнаўся знаёмы. – Вось сантэхніку новую набыў. Хацеў, каб ты зірнуў, як яе лепш паставіць. Ты ж у нас спецыяліст!
– Давай потым. У краму спяшаюся. Жонка памаду папрасіла набыць, – як ёсць адказаў Курачкін.
– Ха! Цябе потым даклічашся! Крама яшчэ тры гадзіны працаваць будзе. Калі што, я цябе нават падвязу. Кароткім шляхам на машыне – дзве хвіліны.
Адмаўляцца больш не было нагоды, і Курачкін пагадзіўся. Кансультацыя заняла не больш за дзесяць хвілін.
– Вялікі дзякуй! – сябар не скупіўся на словы пахвалы. – Цяпер сядай у машыну! Падвязу, як і абяцаў.
У машыне было ўтульна, і Курачкін падумаў, што вось як добра ўсё атрымалася: і сябру дапамог, і з ветрыкам да крамы пад’едзе. Што тут тае язды!
Нечакана адбыўся гучны выбух. Сябар выбег з машыны і агледзеў яе.
– Кола! – прамовіў ён. – Трэба запаску ставіць! Ты пачакай, я хутка!
На дзіва, Маша не тэлефанавала і не цікавілася, дзе муж. Таму можна было і не спяшацца.
– Гатова! – абвясціў таварыш. – За дзве хвіліны будзем на месцы.
Сябар даімчаў да крамы і сапраўды хутка. Паабяцаў пачакаць і адвезці Курачкіна дадому.
У краме наш герой паказаў прадаўцу – маладой дзяўчыне – патрэбную памаду.
– Некалькі хвілін таму забралі апошнюю, – адказала тая.
Расчараваны Курачкін выйшаў з крамы і пра ўсё расказаў сябру.
– Не хвалюйся. Тут яшчэ адна крама побач ёсць! Сядай! Пяць хвілін кароткім шляхам!
Але і там патрэбнай рэчы не знайшлося. Рабіць не было чаго – Курачкін з сябрам адправіліся дадому.
– Калі трэба, звяртайся, – сказаў Курачкін таварышу.
– І ты. Заўсёды падвязу.
– У дзвюх крамах быў. Няма такой памады, – сказаў наш герой жонцы.
– Ведаеш, як ты пайшоў, мне дужа захацелася халвы. Я выправілася ў краму, толькі звычайным, а не кароткім шляхам. Ну а пасля зазірнула і туды, куды адпраўляла цябе. Прадавец сказала, што засталася апошняя памада. А мой тэлефон разрадзіўся, я не змагла табе патэлефанаваць, каб запытацца, ці набыў ты ўжо яе. Вырашыла: калі што – будуць дзве памады! А атрымалася, што не!
– Відаць, мой шлях не самы кароткі! – усміхнуўся сумна Курачкін.
– Відаць, не! – канстатавала Маша.
Неяк Курачкін захапіўся адным прыгодніцкім серыялам. Штовечар, як вяртаўся з працы, займаў месца на канапе і атрымліваў асалоду ад чарговай серыі. У гэты час ён забываўся на вячэру, дамашнія клопаты. Ды што